БЕЛ Ł РУС

Польшча не адкрые мяжу і пасля сканчэння вучэнняў «Захад»

16.09.2025 / 13:28

Nashaniva.com

Заява міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы не ўтрымлівае ніякіх канкрэтных тэрмінаў адкрыцця памежных пунктаў.

Польскія і беларускія памежнікі тварам у твар, 31 жніўня 2025. Фота: AP Photo / Czarek Sokolowski

Пункты пропуску на мяжы Польшчы і Беларусі застаюцца закрытымі да далейшага паведамлення ў мэтах бяспекі палякаў, гаворыцца ў заяве міністэрства.

«Забеспячэнне бяспекі грамадзян — наш прыярытэт. Мы падкрэсліваем, што прынятае рашэнне звязанае з расійска-беларускімі манеўрамі «Захад-2025», але гэта не азначае, што мяжа закрыта выключна на перыяд гэтых вучэнняў. Мы адновім рух тады, калі мяжа будзе цалкам бяспечнай і гэта пацвердзіць інфармацыя, перададзеная службамі», — паведамляе міністэрства.

У заяве гаворыцца, што польскія ўлады ўсведамляюць, што прыпыненне памежнага руху з'яўляецца праблемай для перавозчыкаў, якія павінны карыстацца, напрыклад, памежнымі пераходамі ў Літве для ажыццяўлення перавозак.

«Мы падкрэсліваем, што з-за эканамічных пытанняў і дзеля польскіх прадпрымальнікаў зробім усё магчымае, каб перыяд адключэння памежнага руху быў як мага менш адчувальным.

Страты будуць ацэненыя ў момант, калі мы будзем ведаць, як доўга мяжа будзе закрыта», — паведамляе міністэрства. 

Раней міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кярвінскі папярэджваў, што рашэнне аб закрыцці мяжы з Беларуссю прынята не толькі на час вучэнняў «Захад-2025». Ён заявіў, што гэтае рашэнне апраўданае з пункту гледжання бяспекі Польшчы.

Сёння, 16 верасня, на тэрыторыі Беларусі заканчваюцца беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2025», якія праходзілі з 12 верасня.

Ноччу 10 верасня каля 20 расійскіх дронаў парушылі мяжу Польшчы падчас масіраванага абстрэлу Украіны. Для іх перахопу ўпершыню з пачатку вайны былі паднятыя самалёты НАТА.

Чытайце таксама:

На мяжы з Польшчай сабралася чарга з 1700 грузавікоў

Лукашэнка: Беларусь не мае дачынення да дронаў, што залятаюць у Польшчу або Літву

Сустрэліся міністры замежных спраў Польшчы і Кітая. Па просьбе кітайскага боку заяваў для прэсы не было

Каментары да артыкула