БЕЛ Ł РУС

Кіраўнік Генштаба Польшчы: Беларусь хавае забойцу нашага вайскоўца. Рана ці позна ён паўстане перад судом

16.09.2025 / 19:34

Nashaniva.com

Генерал Веслаў Кукула заявіў таксама, што Войска Польскае было гатовае і да горшага варыянту атакі беспілотнікамі.

Начальнік Генеральнага штаба Войска Польскага генерал Веслаў Кукула. Фота: gov.pl

Начальнік Генеральнага штаба Войска Польскага генерал Веслаў Кукула ў інтэрв'ю для тэлеканала TVP Info пракаментаваў падзеі апошняга тыдня, у тым ліку атаку расійскіх беспілотнікаў на тэрыторыю Польшчы і ролю Беларусі ў цяперашняй геапалітычнай сітуацыі. Некаторыя яго словы прыводзіць Onet.pl.

Пра атаку беспілотнікаў

Генерал Кукула падкрэсліў, што польская армія і сілы НАТА былі гатовыя да інцыдэнту і маглі даць рады нават горшаму сцэнару. Ён адзначыў, што ў ноч з 9 на 10 верасня, калі расійскія дроны заляцелі ў паветраную прастору Польшчы, рэакцыя была імгненнай і скаардынаванай.

«Не атакуюць таго, хто не баіцца, хто падрыхтаваны. Сілы НАТА адрэагавалі як адзін кулак. Са мной звязваліся калегі з іншых краін. Мы былі гатовыя да горшага варыянту развіцця падзей, чым той, што адбыўся», — запэўніў генерал.

Ён таксама растлумачыў, чаму не ўсе дроны былі збітыя:

«Моцная армія спалучае дух з розумам. Калі хтосьці запускае дроны-прынады, ён разлічвае, што мы выдаткуем свае сродкі супрацьпаветранай абароны, а потым можа ўдарыць балістычнымі ці крылатымі ракетамі».

Жыццё ў пастаяннай гатоўнасці

Начальнік Генеральнага штаба Войска Польскага таксама выказаў меркаванне, што ў найбліжэйшыя гады Польшчы пагражае не столькі прамая вайна, колькі жыццё ў «часы пастаяннай трывогі». Ён падтрымаў уключэнне сірэн паветранай трывогі ў гарадах на ўсходзе краіны, назваўшы гэта неабходным крокам для падрыхтоўкі насельніцтва да жыцця ва ўмовах «падтрымання пастаяннай гатоўнасці».

«Расія застаецца моцнай і непрадказальнай. Пры спрыяльных абставінах яна можа напасці на нас ваенным шляхам», — пракаментаваў генерал Кукула.

Пра Беларусь

Найбольш рэзка кіраўнік Генштаба выказаўся на адрас Беларусі.

«Мы маем абмежаваны давер да Беларусі. Трэба памятаць, што яны хаваюць забойцу нашага вайскоўца [Матэвуша Сітака]. Яны ведаюць, хто гэта. І мы ведаем. Надыдзе такі дзень, што мёртвы ці жывы ён паўстане перад правасуддзем», — заявіў генерал.

Чытайце таксама:

Пяць расійскіх дронаў ляцелі прамым курсам на базу НАТА ў Польшчы

Мігранту, які праз агароджу забіў польскага салдата з тэрыторыі Беларусі, удалося пранікнуць у Заходнюю Еўропу

Стала вядома імя польскага салдата, які загінуў на мяжы з Беларуссю

Каментары да артыкула