У Грэцыі паднялі на паверхню рэчы з карабля — «брата» «Тытаніка»
У Грэцыі ўпершыню паднялі на паверхню рэчы з затанулага лайнера «Брытанік», які лічыцца «братам» сумнавядомага «Тытаніка». Абодва караблі ўваходзілі ў серыю трансатлантычных лайнераў кампаніі White Star Line, паведамляе The Guardian са спасылкай на Міністэрства культуры Грэцыі
Фота: Міністэрства культуры Грэцыі
«Брытанік» быў пабудаваны як пасажырскі лайнер, але падчас Першай сусветнай вайны яго рэквізавалі для патрэб брытанскага флоту і пераабсталявалі ў шпітальнае судна.
У лістападзе 1916 года каля вострава Кея ў Эгейскім моры карабель падарваўся на нямецкай міне і патануў менш чым за гадзіну. З больш як тысячы чалавек на борце загінула трыццаць — пераважна з-за таго, што вінты судна зачапілі дзве ратавальныя шлюпкі.
Фота: Міністэрства культуры Грэцыі
Цяпер жа ўпершыню з глыбіні больш за 120 метраў дайверы дасталі шэраг каштоўных артэфактаў:
- карабельны звон з назіральнага паста;
- сігнальны ліхтар;
- партатыўнае абсталяванне з кают першага і другога класаў;
- керамічную плітку з турэцкай лазні на борце;
- бінокль.
Фота: Міністэрства культуры Грэцыі
Фота: Міністэрства культуры Грэцыі
Міністэрства культуры Грэцыі адзначае, што праца вялася ў складаных умовах — на вялікай глыбіні, пры моцных цячэннях і кепскай бачнасці. Некаторыя аб’екты пакуль не ўдалося падняць з-за іх месцазнаходжання або дрэннага стану.
Знойдзеныя прадметы даставілі ў Афіны, дзе яны прайшлі праз працэдуру кансервацыі. У будучыні яны стануць часткай пастаяннай экспазіцыі ў музеі падводных старажытнасцяў у Пірэі, які цяпер ствараецца.
Чытайце таксама:
Ліст з «Тытаніка» прадалі на аўкцыёне за 350 тысяч еўра
«Тытанік» на дне акіяна паступова разбураецца. Колькі ён яшчэ вытрымае?
Аўстралійскі мільярдэр пабудуе копію «Тытаніка», якая пойдзе тым жа маршрутам