Лукашэнка пра будучага прэзідэнта: Я перабіраю многія асобы і бачу — ну немагчыма будзе гэта пацягнуць
На сустрэчы з ідэалагічным актывам Аляксандр Лукашэнка сярод іншага паразважаў на тэму, якім павінен быць будучы прэзідэнт. Пытанне на гэту тэму было даручана задаць ягонай спарынг-партнёрцы падчас апошніх дзвюх выбарчых кампаній Ганне Канапацкай.
Аляксандр Лукашэнка. Фота: Contributor/Getty Images
Задаючы сваё пытанне, Канапацкая смела сказала Лукашэнку ў твар, што ніякі іншы прэзідэнт з ім не параўнаецца. Яна адзначыла, што сённяшняе адзінства, якое нібыта існуе ў беларускім грамадстве, дасягнута ў тым ліку дзякуючы харызме і асабістым якасцям Лукашэнкі.
Любы ж іншы чалавек на гэтай пасадзе ў будучыні, незалежна ад свайго полу, хутчэй за ўсё будзе слабейшы за Лукашэнку па гэтых якасцях, што адразу адчуе і ўбачыць народ. Пасля таго яна перайшла ўласна да пытання:
«Што мы павінны пачаць рабіць, пакуль яшчэ ёсць час, каб гэтае адзінства і кансалідацыю ў беларускім грамадстве захаваць, утрымаць? Дайце параду».
Перад тым, як даць параду, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць адкрытых і канструктыўных дыскусій у грамадстве, у тым ліку на палітычным узроўні. Ён заклікаў людзей адкрыта выказваць свае думкі і адзначыў, што нармальна ўспрымае ідэю, калі хтосьці лічыць, што ў будучыні пасаду можа заняць іншы чалавек, у тым ліку і жанчына.
Адначасова Лукашэнка адзначыў, што праца прэзідэнта — гэта вельмі цяжкая і адказная праца.
«Я будучых прэзідэнтаў у грамадстве таксама шукаю і хачу бачыць. Але я перабіраю многія асобы і бачу, што ну немагчыма будзе гэта пацягнуць. Трэба час, каб новы чалавек стаў прэзідэнтам, калі ім не нарадзіўся. Калі ў цябе няма задаткаў прэзідэнта ад прыроды — у Беларусі не лезь», — заявіў ён.
Каб стаць сапраўдным прэзідэнтам, чалавек нібыта павінен быць гатовы цалкам аддацца справам дзяржавы, забыўшы ў тым ліку і пра асабістае жыццё.
І хоць жанчын ён «паважае бязмерна», але кіраўніком краіны павінен быць «моцны мужык, які б абавязкова панюхаў пораху».
«Гэта мой пункт гледжання. Чалавека, які бязмерна паважае жанчын. Жанчына — гэта ўзор, які прырода стварыла. Тым не менш, я лічу, что нельга яе на гэту «гарачую патэльню» сёння кідаць», — сказаў Лукашэнка.
Чытайце таксама:
Канапацкая прысутнічала на сустрэчы Лукашэнкі з ідэалагічным актывам
Лукашэнка загадаў прышчапляць нелюбоў да Польшчы пачынаючы са школы