Ці можна везці з ЕС у Беларусь больш за 60 еўра наяўнымі? Адказалі ў мытні Літвы
Яшчэ ў 2022 годзе Еўрасаюз забараніў даваць Беларусі банкноты еўра, пасля чаго літоўская мытня абмежавала суму наяўных у гэтай валюце, якую можна вывезці ў нашу краіну для асабістых патрэб, — не больш за €60 на чалавека. Ці дзейнічае абмежаванне дагэтуль і колькі наяўных можна везці праз мяжу, выданне Office Life спытала ў мытні Літвы.
Фота ілюстрацыйнае
Колькі валюты можна везці праз мяжу пры вяртанні ў Беларусь з Еўрасаюза — частае пытанне ў чатах і тэматычных групах. Літва ў нейкі момант нібыта прыбрала патрабаванне адносна 60 еўра, але ў апошні год падарожнікі зноў дзеляцца гісторыямі пра праверкі наяўных.
У чатах пішуць, што многае залежыць ад змены ў літоўскіх пунктах пропуску. Трохі прасцей для грамадзян Еўрасаюза, якім дазваляюць правозіць еўра ў Беларусь з разлікам на тое, колькі трэба ў суткі.
З сумай больш за 60 еўра разварочваюць беларусаў і на латвійскай мяжы. У выніку купюры мяняюць на іншую валюту, напрыклад даляры, таму што абмежаванні распаўсюджваюцца толькі на еўра. Здаецца, пытанняў не ўзнікала толькі на польскім участку мяжы з ЕС, паколькі гэтая краіна не ўваходзіць у еўразону.
Цяпер жа тэма зноў апынулася ў топе для абмеркавання, бо пасля закрыцця польскай мяжы шматлікія падарожнікі вяртаюцца ў Беларусь праз Літву і задаліся пытаннем: што рабіць з наяўнымі, якія ў іх застаюцца?
У літоўскай мытні Office Life адказалі, што згодна з рэгламентам Рады ЕС № 765/2006 забароненыя продаж, пастаўка, перадача або экспарт банкнот еўра ў Беларусь. Гэта тычыцца як фізічных асоб, так і кампаній.
Абмежаванне не ўжываецца, калі гаворка ідзе пра наяўныя для асабістага карыстання фізічных асоб, якія едуць у Беларусь, або іх бліжэйшых сваякоў, якія ідуць разам з імі.
«Канкрэтная колькасць банкнот, якія перавозяцца з гэтай мэтай, не ўстаноўленая, але асоба, якая іх перавозіць, павінна даказаць мытнаму службоўцу, што гэтая сума патрэбна яму выключна для асабістых мэтаў. Падкрэсліваем, што пасажыр абавязаны абгрунтаваць неабходнасць перавозкі банкнот еўра і даць мытнаму службоўцу доказы іх выкарыстання ў асабістых мэтах», — патлумачыла Ірэна Чаркасавене, галоўная спецыялістка аддзела мытнай інфармацыі Літвы.
Як менавіта даказаць, літоўскі бок не ўдакладняе. Але, верагодна, падыдзе дэкларацыя, што гэтыя самыя грошы раней былі ўвезеныя ў Літву для асабістых мэтаў. Як мінімум так гэта тлумачаць непасрэдна на літоўскай мяжы, кажуць падарожнікі, якім задавалі такое пытанне.
У мытні Літвы таксама адзначылі, што вываз у Беларусь наяўных грошай у іншых валютах не забаронены. Але калі гаворка ідзе пра суму, эквівалент якой па афіцыйным курсе Банка Літвы на дату перасячэння мяжы складае 10 000 еўра і больш, яе трэба дэклараваць. Пры гэтым разам з дэкларацыяй на наяўныя грошы пры паездках у трэція краіны трэба падаць копіі дакументаў, якія пацвярджаюць паходжанне гэтых грошай.
Літоўскі бок таксама падкрэсліў, што ўвоз банкнот еўра або афіцыйнай валюты любой дзяржавы — члена Еўрасаюза ў ЕС з Беларусі не забаронены. Санкцыі дзейнічаюць толькі пры вывазе еўра ў Беларусь.
Чытайце таксама:
Лагістычныя кампаніі знайшлі альтэрнатыву закрытай мяжы паміж Польшчай і Беларуссю
«Жывём тут як у танку». Беларусы з памежжа расказалі, як перажываюць закрытую мяжу і вучэнні
Перанакіраваць паток грузавікоў з закрытай польскай мяжы будзе складана. Вось у чым праблема
Як цяпер можна выехаць і заехаць у Еўрасаюз, калі польская мяжа закрытая?