БЕЛ Ł РУС

Балгарскіх спартсменаў на Алімпіядзе-2026 могуць адправіць пад нейтральны сцяг

18.09.2025 / 16:32

Nashaniva.com

17 верасня 2025 года адбылася прэс-канферэнцыя Балгарскага алімпійскага камітэта (БАК), якую правяла яго старшыня Весела Лечава разам з кіраўніцтвам арганізацыі. Асноўнай тэмай сустрэчы стала крызісная сітуацыя вакол канфлікту паміж цяперашнім кіраўніцтвам БАК і папярэднім, якое ўзначальвала славутая ў мінулым лёгкаатлетка Стэфка Кастадзінава.

Балгарская зборная на адкрыцці Зімовых Алімпійскіх гульняў 2022 года ў Пекіне. Фота: David Ramos/Getty Images

Веcела Лечава заняла пасаду кіраўніцы балгарскага НАК у сакавіку, перамогшы на выбарах Кастадзінаву. Аднак вынікі галасавання былі аспрэчаныя ў судзе, і дагэтуль сітуацыя ўнутры камітэта застаецца напружанай.

Паводле слоў Веселы Лечавай, Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) яшчэ ў маі прызнаў новае кіраўніцтва і выстаўляў умовы, якія мусіла выканаць старое. Але гэтыя ўмовы выкананыя не былі.

З-за гэтага існуе небяспека санкцый супраць Балгарыі, уключаючы забарону на ўдзел нацыянальнай каманды ў Зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 года пад уласным сцягам.

Весела Лечава падкрэсліла, што Кастадзінава ўсё яшчэ фігуруе на сайце БАК і карыстаецца алімпійскай сімволікай, хоць не мае на гэта права. Яна заклікала яе выканаць патрабаванні МАК, каб пазбегнуць новых санкцый і «ганьбы для краіны».

Генеральны сакратар БАК Данаіл Дзімаў дадаў, што МАК ужо прыпыніў фінансаванне арганізацыі і ёсць рызыка страціць доступ да будучых міжнародных праграм падтрымкі.

Зімовыя Алімпійскія гульні — 2026 адбудуцца з 6 па 22 лютага ў італьянскіх гарадах Мілан і Карціна-д'Ампеца.

Чытайце таксама:

На чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы Крысціна Ціманоўская пабяжыць толькі ў адной дысцыпліне

МАК не будзе дабівацца допуску да Алімпійскіх гульняў беларускіх біятланістаў

Затрыманы старшыня Паралімпійскага камітэта Алег Шэпель

Беларускіх біятланістаў не пусцяць на Алімпіяду нават у нейтральным статусе

Каментары да артыкула