Сёння для кіроўцаў бясплатны праезд у грамадскім транспарце
Экалагічная акцыя «Дзень без аўтамабіля» пройдзе сёння ў Беларусі, паведамляе БелТА.
Акцыя завяршае Тыдзень мабільнасці. Ва ўсіх абласных і 33 раённых цэнтрах краіны кіроўцам, якія пакінулі аўтамабіль дома, будзе бясплатны праезд у грамадскім транспарце пры паказе пасведчання і пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку.
Асноўнай пляцоўкай святкавання з 15:00 да 19:00 стане Палац спорту, дзе пройдзе вялікая колькасць мерапрыемстваў, у тым ліку канцэртна-забаўляльная праграма. Можна будзе навучыцца кіраваць электрасамакатам, ездзіць на монаколе, набыць рознага роду экатавары і прадукты.
Таксама можна будзе застрахаваць свой транспартны сродак персанальнай мабільнасці.
Акрамя таго, там будзе прадэманстравана работа праектаў «Зялёныя школы», «Зялёныя класы беларускай сталіцы», пройдуць віктарыны, квэсты і забавы на любы густ і ўзрост.