БЕЛ Ł РУС

Зянковіч назваў імя правакатара, з якога пачалася справа змоўшчыкаў супраць Лукашэнкі. Яго кар'ера цяпер пайшла ўгару

24.09.2025 / 18:28

Nashaniva.com

Юрася Зянковіча і Аляксандра Фядуту арыштавалі ў 2021‑м у Маскве пасля сустрэчы з палкоўнікам з Генштаба Іванам Жураўскім, на якім абмяркоўвалася паўстанне сілавікоў. Але як Зянковіч, амерыканскі адвакат, увогуле пазнаёміўся з Жураўскім? Аказваецца, быў яшчэ і «першы кантакт», які не захацеў свяціць свае сувязі са спецслужбамі, не з'явіўся ў суд і застаўся невядомым. А неўзабаве пасля заканчэння аперацыі атрымаў павышэнне ў званні і пасадзе.

Яўген Бараноўскі — на той момант 33‑гадовы намеснік начальніка ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях. Фота: інстаграм

«Справа змоўшчыкаў», якая разгарнулася вясной 2021-га, вылучаецца сапраўды нетрывіяльным сюжэтам. Аператыўнікі прымусілі паверыць вопытных палітыкаў у існаванне нейкіх арганізаваных і лаяльных пратэсту батальёнаў, якія гатовыя заняць Мінск і шукаюць толькі палітычных лідараў, якія б сталі ў авангардзе новага палітычнага працэсу.

У выніку пяць чалавек — цэнтральныя фігуры гэта Юрась Зянковіч, Аляксандр Фядута і Рыгор Кастусёў, — былі арыштаваны па абвінавачванні ў змове з мэтай захопу ўлады. Першых двух затрымалі ў Маскве, куды яны паехалі абмяркоўваць з афіцэрамі блакіроўку Мінска і парадак інтэрнавання цэнтральных фігур рэжыму ў першыя гадзіны паўстання. 

Фігуранты прызналі віну, атрымалі свае 10‑11 гадоў калоніі, і справа была забыта. З часам Кастусёў з Зянковічам выйшлі па памілаванні, Фядута яшчэ сядзіць. 

Таксама ў працэсе грамадству стаў вядомы афіцэр Генштаба Іван Жураўскі, які «вёў» Зянковіча, фіксуючы на відэа перамовы, якія потым сталі асновай крымінальнай справы. 

Палкоўнік Жураўскі (заблюраны на кадрах прапаганды) з Юрасём Зянковічам, ахвярай правакацыі. Фота: АНТ, АІС Пашпарт

Але ўсё ж як Зянковіч пазнаёміўся з Жураўскім? Чаму верыў яму? Якія яшчэ былі прамежкавыя звёны ў гэтай гісторыі? Хто яшчэ ўдзельнічаў у правакацыі?

«Наша Ніва» задала гэтыя пытанні Зянковічу і атрымала ў адказ яшчэ адно прозвішча, даведалася асобу афіцэра-правакатара, з якога ў Беларусі і пачалася «справа змоўшчыкаў». 

38‑гадовы супрацоўнік МНС Яўген Бараноўскі. Фота: БелТА

Юрась Зянковіч расказаў, што адзін даўно знаёмы яму ўкраінскі юрыст, чыё імя ён пакуль не хоча называць, летам 2020-га, ужо пасля выбараў, параіў яму свайго знаёмага ў Мінску — маладога афіцэра з дэмакратычнымі поглядамі, — які мог бы дапамагчы Зянковічу ў ягонай палітычнай барацьбе. 

Зянковіч тады быў у Беларусі і прыняў прапанову. Ён атрымаў кантакты і асабіста пазнаёміўся са свабодалюбівым падпалкоўнікам Яўгенам Бараноўскім, чыё імя на той момант яшчэ не было шырокавядома. 

Гэта цяпер (з мая 2022-га) Бараноўскі — прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, а тады ён быў 33‑гадовым намеснікам начальніка ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва ў МНС.

У Беларусі Зянковіч сустрэўся з Бараноўскім тры разы. Першы раз быў у жніўні 2020-га.

«Бараноўскі сказаў, што рыхтуецца выходзіць з адпачынку і не ведае, чаго чакаць і на што спадзявацца з улікам сітуацыі на вуліцах. Другі раз сустракаліся, калі ён ужо нібыта выйшаў на работу, ён казаў, што ўвесь апарат разгублены, не ведаюць, што рабіць і куды рухацца. Ён пацікавіўся, што я магу параіць», — апісаў Зянковіч абставіны гэтых сустрэч. 

На пытанне афіцэра Зянковіч паразважаў, што пераможа сіла і што сілавікі-патрыёты павінны навесці канстытуцыйны лад у краіне.

Бараноўскі ў адказ пачаў філасофстваваць і абурацца фігурай Святланы Ціханоўскай, якую, маўляў, складана ўявіць на пасадзе галоўнакамандуючага. Зянковіч супакойваў таго, што Ціханоўская — толькі пераходная фігура, а хто будзе камандаваць, вырашаць новыя выбары.

«Тады пачаліся больш канкрэтныя размовы. Хто, на маю думку, павінен гэта зрабіць? Я адказаў, што найлепш, калі гэта зробіць войска як найбольш патрыятычная структура, якая карыстаецца большым даверам насельніцтва. Бараноўскі адказаў, што ў яго няма знаёмых у войску, але ён пашукае», — кажа Зянковіч.

На трэцяй, апошняй вочнай сустрэчы з агентам, той пытаўся ў Зянковіча ўжо такія рэчы: «Хто ён усё ж такі? Якія за ім стаяць сілы? Наколькі ён уплывовы?»

«Мне такія пытанні падаліся натуральнымі, я на іх адказваў, крыху накідваючы на сябе пуху, але не моцна», — запэўнівае Зянковіч.

Напрыканцы размовы, пераканаўшыся, што размаўляе з сур'ёзным чалавекам, Бараноўскі сказаў, што перадасць кантакт Зянковіча знаёмаму афіцэру Генштаба, які таксама зацікаўлены ў справе рэвалюцыі. 

Гэтым афіцэрам быў палкоўнік Іван Жураўскі, які пад выглядам спачуваючага і ўплывовага рэвалюцыянера давёў распрацоўку Зянковіча і кампаніі да лагічнага фінала.

«Зводзячы мяне з афіцэрам Генштаба, Бараноўскі сказаў, што хацеў бы, каб ад гэтага моманту яго імя нідзе не фігуравала. Маўляў, свой грамадзянскі абавязак ён на гэтым выканаў», — успамінае Зянковіч. 

Бараноўскі ў справе больш не фігураваў. На суд Бараноўскі не з'явіўся, хаця Зянковіч з Фядутам хадайнічалі аб выкліку.

Суддзя не задаволіў хадайніцтва, таму што прычына адсутнасці — замежная камандзіроўка, — была прызнана паважлівай. 

***

Палкоўнік Яўген Уладзіміравіч Бараноўскі нарадзіўся 15 лютага 1987 у Лідзе. Бацька — вайсковы пенсіянер, маці — ураджэнка Расіі, інфармацыі пра яе месцы працы няма. 

Вучыўся ў лідскай школе №4, па заканчэнні паступіў у Камандна-інжынерны інстытут МНС па спецыяльнасці «Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый» і скончыў яго ў 2009 годзе. Службу пачаў на пасадзе старэйшага інспектара ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва МНС.

У 2015 годзе скончыў Акадэмію кіравання па спецыяльнасці «Міжнародныя адносіны». Браў удзел у міжнародных профільных пасяджэннях за мяжой у складзе беларускай дэлегацыі. 

На момант распрацоўкі Юрася Зянковіча восенню 2020‑га займаў пасаду намесніка кіраўніка ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва МНС, меў званне падпалкоўніка.

У маі 2022‑га стаў прэс-сакратаром МНС, замяніўшы памерлага Віталя Навіцкага. Да гэтага часу атрымаў званне палкоўніка. 

Мае двух дзяцей. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула