ААНаўская прамова Трампа: пра эскалатар, які спыніўся проста на хаду, супраць міграцыі і зялёнай энергетыкі
Выступаючы на Генеральнай Асабмлеі ААН, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп наракаў на тое, што яму ў свой час не далі рэканструяваць будынак ААН, заклікаў даць яму Нобелеўскую прэмію міру і адмовіцца ад зялёнай энэргетыкі. Часам выступ нагадваў стэндап. Прыводзім самае цікавае.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і першая лэдзі Меланія Трамп на тым самым эскалатары, які неўзабаве стане адным з «герояў» ягонай прамовы. Яны прыбываюць на 80‑ю сесію Генеральнай Асамблеі ААН. Нью-Ёрк, 23 верасня 2025 года. Фота: Alexi J. Rosenfeld / Getty Images
Тэлесуфлёр не працуе, таму я буду прамаўляць сваю прамову ад сэрца. Магу сказаць толькі, што ў таго, хто кіруе гэтым тэлесуфлёрам, будуць вялікія непрыемнасці.
Год таму наша краіна была ў глыбокай бядзе. Але сёння, усяго праз восем месяцаў працы маёй адміністрацыі, мы — самая паспяховая краіна ва ўсім свеце, і ніводная іншая краіна нават блізка не стаіць. (…)
Пад маім кіраўніцтвам цэны на энерганосьбіты знізіліся, цэны на бензін знізіліся, цэны на прадукты знізіліся, стаўкі па іпатэцы знізіліся, а інфляцыя пераможана. Адзінае, што расце, — гэта фондавы рынак, які толькі што дасягнуў рэкорднага максімуму. (…) І што важна, заробкі працоўных растуць самымі хуткімі тэмпамі за больш чым 60 гадоў.
Я скончыў сем войнаў. І ва ўсіх выпадках яны бушавалі, забіваючы незлічоныя тысячы людзей.
Сюды ўваходзяць Камбоджа і Тайланд, Косава і Сербія, Конга і Руанда — жорсткая, гвалтоўная вайна, Пакістан і Індыя, Ізраіль і Іран, Егіпет і Эфіопія, а таксама Арменія і Азербайджан. (…)
Шкада, што мне прыйшлося рабіць гэтыя рэчы замест Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. І, на жаль, ва ўсіх выпадках Арганізацыя Аб'яднаных Нацый нават не спрабавала дапамагчы ні ў адным з іх.
Я скончыў сем войнаў, меў справу з лідарамі кожнай з гэтых краін, а з Арганізацыі Аб'яднаных Нацый мне нават не пазванілі з прапановай дапамагчы ў завяршэнні здзелкі.
Усё, што я атрымаў ад ААН — гэта эскалатар, які спыніўся проста на хаду — калі б першая лэдзі (Меланія Трамп) не была ў выдатнай форме, яна б упала. Але яна ў выдатнай форме. Мы абое ў добрай форме. Мы абое ў добрай форме. Мы абое выстаялі. А потым тэлесуфлёр не працуе. Вось два падарункі ад Арганізацыі Аб'яднаных Нацый: няспраўны эскалатар і няспраўны тэлесуфлёр. Вельмі дзякую. І, дарэчы, ён ізноў запрацаваў. Толькі што ўключыўся. Дзякую.
Дональд Трамп на трыбуне ААН. Фота: Spencer Platt / Getty Images
Які сэнс у Арганізацыі Аб'яднаных Нацый? ААН мае такі велізарны патэнцыял. Я заўсёды гэта казаў. У яе такі велізарны, велізарны патэнцыял. Але яна нават блізка не адпавядае гэтаму патэнцыялу.
Збольшага, прынамсі, на гэты момант, здаецца, усё, што яны робяць, — гэта пішуць ліст у вельмі жорсткіх выразах, а потым ніколі не прымаюць ніякіх далейшых дзеянняў. Гэта пустыя словы, а пустыя словы не вырашаюць праблему вайны.
Усе кажуць, што я павінен атрымаць Нобелеўскую прэмію міру за кожнае з гэтых дасягненняў.
Але для мяне сапраўднай узнагародай будуць сыны і дочкі, якія вырастуць са сваімі маці і бацькамі, таму што мільёны людзей больш не гінуць у бясконцых і бессэнсоўных войнах. Мяне хвалюе не заваёва ўзнагарод, а выратаванне жыццяў. Мы выратавалі мільёны і мільёны жыццяў, спыніўшы сем войнаў. І ў нас ёсць іншыя, над якімі мы працуем, і вы гэта ведаеце.
Шмат гадоў таму вельмі паспяховы забудоўшчык з Нью-Ёрка, вядомы як Дональд Трамп, удзельнічаў у тэндары на рэканструкцыю і перабудову менавіта гэтага комплексу ААН. Я так добра гэта памятаю.
Я тады сказаў, што зраблю гэта за 500 мільёнаў долараў, перабудаваўшы ўсё. Я казаў: «Я зраблю вам мармуровыя падлогі (…). Я дам вам усё самае лепшае. У вас будуць сцены з чырвонага дрэва. (…). Але яны вырашылі пайсці іншым шляхам, які на той момант быў значна даражэйшым і ў выніку даў значна горшы прадукт. (…) У іх было велізарнае перавышэнне каштарысу, яны выдаткавалі ад 2 да 4 мільярдаў долараў на будынак і нават не атрымалі мармуровых падлог, якія я ім абяцаў. (…)
Шчыра кажучы, калі я гляджу на будынак і ўспамінаю, як эскалатар спаыніўся, я лічу, што яны дагэтуль не скончылі працу. Яны дагэтуль не скончылі. (…) На жаль, многія рэчы ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый адбываюцца менавіта так, але ў яшчэ значна большым маштабе. Значна, значна большым.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і першая лэдзі Меланія Трамп прыбываюць на 80‑ю сесію Генеральнай Асамблеі ААН. Нью-Ёрк, 23 верасня 2025 года. Фота: Alexi J. Rosenfeld / Getty Images
Я таксама нястомна працаваў, каб спыніць забойствы ва Украіне. Я меркаваў, што з сямі войнаў, якія я спыніў, гэтая акажацца самай простай, бо ў мяне заўсёды былі добрыя адносіны з прэзідэнтам Пуціным. Я сапраўды думаў, што гэта будзе самая лёгкая з усіх. Але ведаеце, на вайне ніколі не ведаеш, што адбудзецца. Заўсёды шмат сюрпрызаў, як добрых, так і дрэнных. Усе думалі, што Расія пераможа ў гэтай вайне за тры дні, але ўсё пайшло не так. (…)
Кітай і Індыя з'яўляюцца асноўнымі фундатарамі гэтай вайны, працягваючы закупляць расійскую нафту. Але недаравальна, нават краіны НАТА не адмовіліся ад значнай часткі расійскіх энерганосьбітаў і расійскіх энергапрадуктаў, пра што, як вы ведаеце, я даведаўся два тыдні таму, і я не быў задаволены. Толькі ўявіце — яны фінансуюць вайну супраць саміх сябе.
Хто, чорт бяры, калісьці чуў пра такое? У выпадку, калі Расія не будзе гатовая заключыць здзелку аб спыненні вайны, Злучаныя Штаты цалкам гатовыя ўвесці вельмі жорсткі пакет магутных тарыфаў, якія, я лічу, вельмі хутка спыняць кровапраліцце. Але каб гэтыя тарыфы былі эфектыўнымі, еўрапейскія краіны, усе вы, хто сабраўся тут зараз, павінны былі б далучыцца да нас і прыняць дакладна такія ж меры. Я маю на ўвазе, вы значна бліжэй да гэтага. Паміж намі акіян. А вы проста там. І Еўропа павінна актывізавацца.
Дональд Трамп на трыбуне ААН. Фота: Michael M. Santiago / Getty Images
ААН не толькі не вырашае праблемы, якія павінна, але занадта часта яна стварае для нас новыя праблемы, якія даводзіцца вырашаць. Найлепшы прыклад — гэта палітычнае пытанне нумар адзін нашага часу: крызіс некантраляванай міграцыі. (…)
Арганізацыя Аб'яднаных Нацый фінансуе напад на заходнія краіны і іх межы. У 2024 годзе ААН заклала ў бюджэт 372 мільёны долараў грашовай дапамогі для падтрымкі прыкладна 624 000 мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Злучаныя Штаты. Толькі ўявіце.
ААН падтрымлівае людзей, якія нелегальна прыбываюць у Злучаныя Штаты, а потым мы павінны іх высылаць. ААН таксама забяспечвала ежай, жыллём, транспартам і плацежнымі карткамі нелегальных мігрантаў. Вы можаце ў гэта паверыць? Каб яны маглі пранікнуць праз нашу паўднёвую мяжу.
Еўропа ў сур'ёзнай бядзе. Яны сутыкнуліся з уварваннем нечуваных полчышчаў нелегальных мігрантаў. Нелегальныя мігранты льюцца ў Еўропу. І ніхто нічога не робіць, каб гэта змяніць, каб іх выслаць. Гэта не можа працягвацца. І паколькі яны выбіраюць быць паліткарэктнымі, яны не робяць абсалютна нічога.
І я павінен сказаць, я гляджу на Лондан, дзе ў вас жудасны мэр — жудасны, жудасны мэр — і горад так змяніўся. Так змяніўся. Цяпер яны хочуць увесці законы шарыяту, але ж вы ў іншай краіне.
Так нельга рабіць. І іміграцыя, і іх самагубныя энергетычныя ідэі стануць смерцю для Заходняй Еўропы, калі неадкладна нешта не зрабіць. Гэта не можа працягвацца.
Паводле даных Рады Еўропы, у 2024 годзе амаль 50 працэнтаў зняволеных у нямецкіх турмах былі замежнымі грамадзянамі або мігрантамі. У Аўстрыі гэтая лічба склала 53 працэнты — столькі людзей у турмах былі выхадцамі з іншых краін. У Грэцыі — 54 працэнты. А ў Швейцарыі, прыгожай Швейцарыі, 72 працэнты людзей у турмах — не швейцарцы.
Дональд Трамп на трыбуне ААН. Фота: Michael M. Santiago / Getty Images
Калі вашы турмы запоўненыя так званымі шукальнікамі прытулку, якія адплацілі за дабрыню — а яны адплацілі дабрыню! — адплацілі за дабрыню злачынствамі, надышоў час спыніць няўдалы эксперымент адкрытых межаў. (…) Вашы краіны коцяцца ў пекла.
Папярэдняя адміністрацыя таксама загубіла амаль 300 000 дзяцей. Толькі ўявіце. Яны згубілі больш за 300 000 дзяцей — маленькіх дзяцей, — якіх незаконна перавезлі ў Злучаныя Штаты падчас кіравання Байдэна, многія з якіх былі згвалтаваныя, эксплуатаваныя, падвергліся гвалту і прададзеныя. (…) І мы знайшлі шмат гэтых дзяцей, і мы адпраўляем іх назад — і мы адпраўлялі іх назад да бацькоў. (…) На сённяшні дзень мы вярнулі амаль 30 000 з іх.
Любая сістэма, якая прыводзіць да масавага гандлю дзецьмі, па сваёй сутнасці з'яўляецца злом. Аднак менавіта гэта і зрабіла глабалісцкая міграцыйная праграма, і ў гэтым уся яе сутнасць. У Амерыцы гэтыя дні, як вы ведаеце, скончыліся.
Мы нядаўна пачалі выкарыстоўваць найвышэйшую моц узброеных сіл Злучаных Штатаў для знішчэння венесуэльскіх тэрарыстаў і сетак наркагандлю на чале з Нікаласам Мадура. Кожнага тэрарыста-бандыта, які кантрабандай увозіць атрутныя наркотыкі ў Злучаныя Штаты Амерыкі, папярэджваю: мы сатром вас з твару зямлі. Вось што мы зробім. У нас няма выбару.
Энергетыка — яшчэ адна сфера, дзе Злучаныя Штаты цяпер квітнеюць, як ніколі раней. Мы пазбаўляемся ад так званых аднаўляльных крыніц энергіі. (…)
Усё зялёнае — гэта поўнае банкруцтва. (…) Гэта не паліткарэктна. Мяне будуць жорстка крытыкаваць за гэтыя словы, але я тут, каб казаць праўду. Мне ўсё роўна. Мне няважна. Я ў Нью-Ёрку. Я адчуваю сябе значна бяспечнейшым. І, дарэчы, калі казаць пра злачыннасць, Вашынгтон, акруга Калумбія, быў злачыннай сталіцай Амерыкі. (…)
Мы вывезлі 1700 прафесійных злачынцаў, вярнулі іх туды, адкуль яны прыбылі, у краіны, адкуль яны прыбылі, або пасадзілі ў турмы. Вашынгтон, акруга Калумбія, зноў стаў цалкам бяспечным горадам. І я запрашаю вас прыехаць. Насамрэч, мы разам павячэраем у мясцовым рэстаране, і мы зможам прайсціся пешшу. Нам не трэба ехаць на браніраваным аўтамабілі. Мы проста пройдземся туды ад Белага дома.
Калі вы не адмовіцеся ад гэтай зялёнай аферы, ваша краіна пацерпіць крах. А я, паверце, выдатна ўмею прадказваць. Падчас кампаніі ў нас нават была самая папулярная кепка з надпісам: «Трамп меў рацыю ва ўсім». І гэта не выхвалянне, а чыстая праўда. Я меў рацыю ва ўсім. Таму паўтаруся: калі вы не адмовіцеся ад аферы з зялёнай энергетыкай і не спыніце людзей, з якімі ў вас няма нічога супольнага, вашу краіну чакае руйнаванне.
Ведаеце, у нас ёсць моцныя межы, ёсць акрэсленыя контуры краіны. Але гэты кантроль не распаўсюджваецца на неба. Атмасфера ж — гэта супольная прастора, яна не мае межаў. (…) У нас вельмі чыстае паветра. У нас самае чыстае паветра за многія, многія гады.
Дональд Трамп на трыбуне ААН. Фота: Chip Somodevilla / Getty Images
Але праблема ў тым, што іншыя краіны, як Кітай, дзе паветра, скажам так, не самае чыстае, яго разносіць ветрам. І што б вы ні рабілі тут, унізе, паветра тут, наверсе, мае тэндэнцыю станавіцца вельмі брудным, таму што яно прыходзіць з іншых краін, дзе паветра не такое чыстае. І эколагі адмаўляюцца гэта прызнаваць.
Тое самае са смеццем. У Азіі людзі выкідваюць большую частку свайго смецця проста ў акіян. І прыкладна за адзін-два тыдні яно праплывае міма Лос-Анджэлеса — вы гэта бачылі — велізарныя горы смецця, якім не дасі рады, праплываюць міма Лос-Анджэлеса, міма Сан-Францыска. А потым каго-небудзь пакараюць за тое, што ён кінуў цыгарэту на пляжы. Усё гэта вар'яцтва.
Асноўны эфект гэтай жорсткай зялёнай энергетычнай палітыкі быў не ў дапамозе навакольнаму асяроддзю, а ў пераразмеркаванні вытворчасці і прамысловай дзейнасці з развітых краін, якія прытрымліваюцца гэтых вар'яцкіх правіл, у краіны-забруджвальнікі, якія правілы парушаюць і зарабляюць на гэтым вялізныя грошы.
Яны зарабляюць вялізныя грошы. Рахункі за электраэнергію ў Еўропе цяпер у чатыры-пяць разоў вышэйшыя, чым у Кітаі, і ў два-тры разы вышэйшыя, чым у Злучаных Штатах. (…)
У выніку кандыцыянер у некаторых з гэтых краін — гэта вялікая рэдкасць, такія высокія там цэны на электрычнасць. Такім чынам, у той час як у ЗША штогод адбываецца каля 1300 смерцяў, звязаных са спякотай — гэта шмат, — Еўропа штогод губляе больш за 175 000 чалавек ад спякоты, таму што цэны настолькі высокія, што вы не можаце ўключыць кандыцыянер.
Дональд Трамп ідзе с трыбуны ААН пасля свайго выступу. Фота: Spencer Platt / Getty Images
Я стымуляваў маштабную вытворчасць энергіі і падпісаў гістарычныя ўказы аб пошуку нафты. Але нам не трэба шмат шукаць, таму што ў нас больш за ўсё нафты сярод усіх краін свету — нафты і газу. А калі дадаць вугаль, то ў нас яго больш, чым у любой іншай краіны свету. (…) Але мы гатовыя забяспечыць любую краіну даступнымі энергарэсурсамі, калі яны вам патрэбныя, а яны патрэбныя большасці з вас. (…)
Давайце разам абараняць свабоду слова і свабоду выказвання. Давайце ахоўваць рэлігійную свабоду, у тым ліку для самай пераследаванай рэлігіі на планеце сёння. Яна называецца хрысціянства.
Вам патрэбныя моцныя межы і традыцыйныя крыніцы энергіі, калі вы хочаце зноў стаць вялікімі.
Як заўважае выданне The New York Times, прамова Трампа працягвалася 57 хвілін. Ён выкарыстаў у тры раза больш часу, чым было адведзена па рэгламенту. Звычайна, калі сусветныя лідары пераўзыходзяць адзведзены час, на трыбуне загараецца чырвоная лямпачка. У выпадку выступлення Трампа лямпачка так і не загарэлася.
Чытайце таксама:
Трамп у ААН: Еўропа коціцца ў пекла, а глабальнае пацяпленне — найбуйнейшае махлярства