У Гродне падлетак праглынуў вялікую костачку ад нектарына. Дактарам давялося пакарпець
У Гродзенскую абласную дзіцячую клінічную бальніцу звярнуўся 15‑гадовы падлетак, які выпадкова праглынуў вялікую костачку ад нектарына. Дастаць яе аказалася зусім не проста, піша выданне «Перспектива».
Костачкі нектарына. Фота ілюстрацыйнае
Спачатку медыкі паспрабавалі дастаць костачку з дапамогай эндаскопа, але безвынікова: праз стрававод яна праходзіла, а далей — не. Тады хлопчыка адправілі дадому, спадзеючыся, што прадмет выйдзе натуральным шляхам. Аднак праз некалькі дзён пры кантрольным аглядзе высветлілася, што костачка застаецца на тым жа самым месцы.
Тады дактарам давялося правесці шэраг дадатковых маніпуляцый, каб апусціць костачку ў прамую кішку. Тады падлетку зрабілі клізму, і ўжо за ноч іншароднае цела выйшла.
Як адзначыў эндаскапіст Дзмітрый Крывецкі, падобных выпадкаў у іх практыцы раней не было. Праўда, нядаўна ў гэтую ж самую бальніцу даставілі 4‑гадовую дзяўчынку з Гродна, якая праглынула шкляное сэрцайка немалых памераў. Але тую сітуацыю атрымалася хутка і паспяхова вырашыць: прадмет дасталі са страўніка.
Чытайце таксама:
Адным перад суседзямі сорамна, другія радуюцца кавунам памерам з персік. Беларусы паказваюць ураджай
У мінскіх крамах прадаецца азіяцкая садавіна амаль за 120 рублёў