Аднаго з лідараў страйкама «Беларуськалія» змясцілі ў іміграцыйную турму ЗША
23 верасня падчас стрыму Сяргея Ціханоўскага са сустрэчы з беларускай дыяспарай у Нью-Ёрку адзін мужчына, які не назваўся, паведаміў, што ў цэнтр для затрыманых змешчаны беларус Анатоль Бокун, адзін з лідараў страйкама «Беларуськалія». «Радыё Свабода» знайшло пацвярджэнне гэтай інфармацыі.
Анатоль Бокун
Detention center — месца часовага ўтрымання імігрантаў, дзе іх могуць трымаць, пакуль не будзе вырашаны іх лёс: даваць яму палітычны прытулак або не даваць.
Пацвярджэнне інфармацыі «Радыё Свабода» знайшла на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША (U.S. Department of Homeland Security).
Інфармацыя пра Анатоля Бокуна на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША
Анатоль Бокун працаваў механікам аддзела згушчэння сільвінітавай узбагачальнай фабрыкі першага рудаўпраўлення. Быў сустаршынёй страйкама «Беларуськалія».
Анатоль Бокун — адзін з тых, хто ад імя страйкаму вёў перамовы з кіраўніцтвам кампаніі Yara, каб нарвежскі партнёр разарваў кантракт з «Беларуськаліем» за рэпрэсіі супраць страйкоўцаў. У 2020—2021 гадах ён адбыў 100 сутак у ІЧУ ў Салігорску і Старых Дарогах.
Адміністрацыя «Беларуськалія» звольніла Бокуна «за парушэнне працоўнай дысцыпліны», аднак сам ён расцаніў гэта як адзін з прыкладаў рэпрэсій за іншадумства. Пазней Бокун эміграваў у ЗША і падаў дакументы на атрыманне палітычнага прытулку.
Чытайце таксама:
Ціханоўская сустракалася з Келагам у Нью-Ёрку
Саша Філіпенка: Статкевіч — глыба, але ў Беларусі ўжо дастаткова Мандэлаў на квадратны метр