БЕЛ Ł РУС

Віктар Каліна заявіў, што ніколі не называў Лукашэнку тараканам

24.09.2025 / 18:27

Nashaniva.com

Скандальна вядомы спявак Віктар Каліна запісаў відэазварот, у якім заявіў, што падтрымлівае Лукашэнку, але пры гэтым не з'яўляецца «ябацькам». А ў тым, што рэжым у Беларусі ставіцца да яго кепска, абвінаваціў Наталлю Качанаву, заўважыў тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю!»

Віктар Каліна. Скрыншот з відэа

У сваім звароце Каліна заявіў, што падтрымлівае Лукашэнку, але не з'яўляецца «ябацькам», бо апошнія — гэта, маўляў, фанатыкі. Прытым «часта сярод ябацек прысутнічаюць крывадушнікі і заканспіраваныя ворагі. Чым гучней крычаць, тым значнейшай будзе іх здрада».

Праблемы, якія ён мае ў Беларусі, Каліна адлічвае з 2020‑га года і звязвае з дзейнасцю «нацыяналістаў», у тым ліку на дзяржаўным узроўні. Галоўным вінаватым у сваіх бедах скандальны шансанье лічыць Наталлю Качанаву.

Што да Лукашэнкі, то Каліна сцвярджае:

«Я ніколі яго не абражаў. Не было такіх слоў як «таракан» і іншае. … Я двойчы пісаў у адміністрацыю прэзідэнта і нават публічна папрасіў прабачэнне. І нават не адзін раз».

@belarusnovosti2 У скандального шансонье Виктора Калины снова проблемы #новостибеларуси #беларусьновости #беларусь #минск #лукашенко ♬ Horror, Fear, Mystery, Suspense, Criminal, Terror, Halloween, Movie, Soundtrack, OST, TV Game, Creepy(1323087) - SAKUMAMATATA

Насамрэч праблемы ў цяперашняга грамадзяніна Расіі Віктара Каліны, які ў свой час па папулярнасці канкураваў з Саладухам, у Беларусі пачаліся задоўга да 2020 года, і не заўсёды гэтаму былі прычынай нейкія ідэйныя разыходжанні. 5 студзеня 2007 года Каліна быў арыштаваны, а 12 чэрвеня 2007 года яго разам з жонкай Святланай асудзілі за спробу ажыццяўлення махлярства ў асабліва буйным памеры. Віктар атрымаў пяць гадоў і шэсць месяцаў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Святлана — чатыры гады і шэсць месяцаў у калоніі агульнага рэжыму. Праўда, правёўшы амаль два з паловай гады ў калоніі, Каліна быў вызвалены 29 мая 2009 года па амністыі.

Пасля таго праблемы ўзнікалі з-за таго, што ягоная прарасійская пазіцыя была празмернай нават у вачах рэжыму Лукашэнкі. Пасля 2014 года Каліна актыўна і публічна падтрымліваў сепаратыстаў на Данбасе, спробы арганізацыі ягоных канцэртаў у розных рэгіёнах выклікалі пратэсты з боку грамадскасці, да якіх, як ні дзіўна, нярэдка прыслухоўваліся і ўлады, пад рознымі адгаворкамі не даючы дазволу на мерапрыемствы.

У 2020‑м Каліна нечакана падтрымаў пратэсную актыўнасць і нават на сваім смаленскім хутары вывесіў бел-чырвона — белы сцяг-праўда, ужо ў наступным годзе яго прыбраў (цяпер там вісіць чырвона-зялёны сцяг). І затым шмат разоў, як ён сам прызнаецца, прасіў прабачэння ў сваіх прыхільнікаў за пратэсную слабасць.

Але гэта ўсё адно не дапамагло Каліну вярнуцца на канцэртныя пляцоўкі Беларусі, хоць, відаць, такое жаданне яго не пакідае. У каментары да свайго відэа ён рассыпаецца ў кампліментах Лукашэнку:

«Я цалкам падтрымліваю рашэнні Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Меркаванне змянілася ў 2021 годзе, калі ўбачыў зусім іншага чалавека, а самае галоўнае сябра і саюзніка Расіі… Я не ябацька, але паважаю гэтага чалавека, нават нягледзячы на ўсе мінулыя крыўды, хоць я і мая сям'я пераследуюцца ўладай, хоць я цалкам забаронены. Я даўно яго прыхільнік, і гэта лічу галоўным».

Пры гэтым і Пуцін для яго застаецца «найвялікшым з усіх лідараў, якія калі-небудзь існавалі ў Расіі».

Чытайце таксама:

У КДБ данеслі нават на Віктара Каліну

Віктар Каліна: Мы — еўрапейцы. Я веру Ціханоўскай

«Людзі амаль дайшлі да жабрацтва», — Віктар Каліна распавёў пра адмену канцэрта ў Докшыцах і праверку КДБ 

Віктар Каліна: Я напісаў гімн «Мы рускія, з намі Бог», а мяне ні за што збілі работнікі расійскай калоніі

Жыхары Вілейкі сабралі 650 подпісаў за адмену канцэрта Віктара Каліны. Але Палац культуры пакуль не здаецца

Віктар Каліна просіць Лукашэнку абараніць яго ад «апазіцыі, радыкалаў і бандэраўцаў»

Каментары да артыкула