Фільм пра традыцыйныя каштоўнасці з Прылепіным у галоўнай ролі феерычна праваліўся ў расійскім пракаце
Фільм Андрэя Грачова «Талерантнасць» з вядомым Z-пісьменнікам Захарам Прылепіным у галоўнай ролі выйшаў у пракат 11 верасня, але ўжо да канца месяца быў зняты з кіназалаў праз поўную адсутнасць гледачоў, паведамляе pointmedia.io.
Захар Прылепін у фільме
За першыя чатыры дні карціна сабрала ўсяго каля 76 тысяч рублёў (каля 950 даляраў), яе паглядзелі 192 чалавекі пры сярэдняй запаўняльнасці паказу ўсяго толькі тры гледачы. У наступныя два тыдні сітуацыя яшчэ больш пагоршылася: усяго 118 наведвальнікаў і каля 400 даляраў у касе.
Бюджэт стужкі афіцыйна не агучваўся, але эксперты ацэньваюць яго як мінімум у 200 мільёнаў рублёў (каля 2,38 мільёна даляраў). Спачатку Мінкульт называў фільм «сацыяльна значным праектам» і пасля замаху на Прылепіна істотна павялічыў фінансаванне. Да спонсараў далучыўся і банк «Новы век», звязаны з прадзюсарам і кампазітарам Віктарам Дробышам.
Асноўныя здымкі прайшлі ў Выбаргу летам і восенню 2023 года. Стужка падаецца як трылер пра «пагрозы заходняга лібералізму і талерантнасці», утрымлівае радыкальныя выказванні пра заходняе грамадства. Хранаметраж — амаль тры гадзіны.
Мясцовы тэлеканал выпусціў падчас здымак пра гэты фільм спецыяльны рэпартаж, у якім яго выканаўчая прадзюсарка Вера Бажэнава прамаўляе словы: «Гэты фільм — падтрымка традыцыйным сем'ям, якія пакутуюць ад талерантнасці».
У фільме, акрамя Прылепіна, зняліся такія расійскія акцёры, як Міхаіл Паліцэймака, Сяргей Чанішвілі і Міхаіл Гаравы. Але ўсе зборы за пракат аказаліся настолькі мізэрнымі, што не пакрылі нават аплаты аднаго здымачнага дня аднаго акцёра.
Чытайце таксама:
У Тэатры беларускай драматургіі збіраюцца ставіць ідэолага «рускага свету» Захара Прылепіна
«Прылепін застаўся жывы, але без геніталій» — кіраўнік СБУ расказаў падрабязнасці спецаперацый
«Я назваў Пуціна імператарам і называю яго так па гэты дзень». Што яшчэ гаварыў Захар Прылепін?