БЕЛ Ł РУС

Какава патаннела да мінімуму амаль за год

3.10.2025 / 11:28

Nashaniva.com

Чаму цэны нарэшце пачалі падаць?

Ф'ючарсы на какаву на Нью-Ёркскай таварнай біржы патаннелі да мінімуму за 11 месяцаў (да $6547 за тону), паколькі трэйдары чакаюць, што павышэнне аплаты працы фермераў будзе стымуляваць продажы і павялічыць пастаўкі ўраджаю, паведамляе Bloomberg.

Гана, другі па велічыні афрыканскі пастаўшчык, абвясціла, што сума, якую яна плаціць фермерам за какава-бабы, павышаецца ў другі раз за гэты сезон. Гэта адбылося пасля таго, як былі павышаны на 27% цэны для фермераў, якія вырошчваюць какаву ў Кот-д'Івуары — найбуйнейшым сусветным вытворцы, — да 5 даляраў за кілаграм для новага ўраджаю асноўнага збору, які пачаўся 1 кастрычніка.

Рынак уважліва сочыць за цэнамі ў Гане і Кот-д'Івуары, паколькі больш высокія цэны на месцах звычайна заахвочваюць вытворцаў перадаваць бабы на перапрацоўку і экспарт.

У той час як аб'ёмы вытворчасці ў гігантаў Заходняй Афрыкі з цяжкасцю аднаўляюцца да пікавых узроўняў пасля распаўсюджвання хвароб сельскагаспадарчых культур, рынкавыя аналітыкі чакаюць росту паставак з краін Паўднёвай Амерыкі, такіх як Эквадор, Бразілія, Перу і Калумбія.

Паводле ацэнкі аналітыкаў, у сезоне 2025‑2026 гадоў, які пачаўся ў кастрычніку, вытворчасць перавысіць спажыванне прыкладна на 186 тысяч тон. 

За апошнія гады з-за дэфіцыту паставак какавы на рынак цэны істотна выраслі. У снежні мінулага года ф'ючарсы на біржы ў Нью-Ёрку дасягнулі рэкордных $12,9 тысячы за тону. Фермеры ў Кот-Д'івуары і Гане назапашвалі какава-бабы на складах і перапраўлялі іх кантрабандай у суседнія краіны ў пошуках больш выгаднай цаны.

З-за росту цэн на какава-бабы ў апошні год падаражэў і шакалад. Беларускія шакаладныя фабрыкі на гэтым фоне сталі замаўляць какава-бабы з Венесуэлы.

Чытайце таксама:

Цэны на шакалад здзіўляюць

«Камунарка» і «Спартак» пачнуць рабіць цукеркі з венесуэльскіх какава-бабоў

Старшыня «Белдзяржхарчпрама» пракаментаваў падаражанне кандытарскіх вырабаў

Каментары да артыкула