Краіны Еўрасаюза не змаглі дамовіцца пра стварэнне «сцяны ад дронаў»
Еўрапейскія краіны не здолелі дамовіцца наконт стварэння так званай «сцяны ад дронаў», якая павінна была б абараніць іх ад беспілотнікаў з Расіі. Непрыманне выклікаюць як сама ідэя, так і яе назва, піша Politico.
Фота: Mark Newman / Getty Images
Для дзяржаў на ўсходнім фланзе НАТА — ад Фінляндыі да Румыніі — антыдронавая сістэма выглядае неабходнай, бо яны рэгулярна сутыкаюцца з залётам расійскіх і «невядомых» беспілотнікаў. Аднак краіны, што знаходзяцца далей ад мяжы, лічаць ідэю занадта дарагой і сумняваюцца, як яна будзе спалучацца з планамі ЕС і НАТА. Некаторых таксама непакоіць, што Брусэль атрымае занадта вялікі ўплыў на нацыянальную абаронную палітыку.
На саміце ў Капенгагене прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон адзначыў, што абарона ад дронаў — важны прыярытэт, але «ідэальнай сцяны для Еўропы не існуе»: закрыць усю мяжу ў 3000 кіламетраў проста немагчыма. Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц таксама выказаўся супраць плана вельмі рэзка, хоць у самой Германіі нядаўна ўзніклі праблемы з невядомымі дронамі, у тым ліку на тэрыторыі аэрапорта Мюнхена.
Еўрадэпутатка Ханна Нойман падкрэсліла, што адна сцяна не вырашыць асноўных праблем бяспекі: яна не абароніць ад кібернападаў, не дапаможа з супрацьпаветранай абаронай і вытворчасцю боепрыпасаў.
Еўракамісар па абароне Андрус Кубілюс заявіў, што сістэму выяўлення дронаў можна стварыць прыкладна за год, але на поўнафункцыянальную сетку на сушы і моры спатрэбіцца значна больш часу і сродкаў. Толькі для Польшчы і Балтыйскіх краін праект можа каштаваць каля 1 мільярда еўра. Кубілюс прызнаў, што называць гэты праект «сцяной» не зусім правільна — гэта не павінна стаць «новай лініяй Мажыно».
Размовы абвастрыла і фінансавая частка: краіны з усходу хочуць выкарыстоўваць на будаўніцтва сістэмы грошы ЕС, у той час як лідараў Італіі і Грэцыі турбуе, што такі праект будзе карысны толькі ўсходнім дзяржавам, а не ўсяму Еўрасаюзу.
Чытайце таксама:
Кіраўніцтва ЕС прапануе чатыры праекты для ўмацавання абароназдольнасці блока
НАТА паабяцала выкарыстоўваць для абароны ад Расіі ўсе сродкі
Улады Літвы разам з іншымі краінамі, якія мяжуюць з Расіяй, плануюць узвесці «сцяну з беспілотнікаў»