БЕЛ Ł РУС

Фёдар Паўлючэнка: У чым не мае рацыі Юлія Міцкевіч? Турма што, робіць кагосьці лепшым? Прыгажэйшым? Багацейшым?

5.10.2025 / 22:5

Nashaniva.com

«Калі ты тупы, вось як бы ў цябе зусім ужо мозг адбіты, можна прычапіцца да любога слова. Можна да слова «слова» прычапіцца. І з гэтага выкруціць цэлую хейтарскую кампанію».

Галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка. Фота: belsat.eu

«Турма нікога не робіць лепшым, толькі горшым», — так Юлія Міцкевіч, намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, пракаментавала скандал вакол паводзін Сяргея Ціханоўскага ў Нью-Ёрку. Многіх, у тым ліку былых палітвязняў, гэтае выказванне абразіла.

У падтрымку Міцкевіч у новым выпуску ютуб-праекта «Саша, что ты несёшь?…» выказаўся галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка.

«Усе носяцца цяпер як са сцягам з яе фразай. (…) То-бок, абвінавацілі ўжо проста ва ўсім яе, ва ўсіх смяротных грахах», —

рэзка заўважыў Паўлючэнка і акцэнтаваў увагу на тым, што ён сам гаварыў дакладна такую ж фразу ў эфіры свайго ютуб-канала.

«Я прапаную падумаць, у чым не мае рацыі Юлія Міцкевіч. Турма што, робіць кагосьці лепшым? Прыгажэйшым, маладзейшым? Багацейшым, можа? Лішнія зубы, печань, ныркі вырастаюць? І ўвогуле ў цэлым самаадчуванне паляпшаецца, так? Відаць, гэта маецца на ўвазе, калі крытыкуюць Юлію Міцкевіч за тое, што яна заявіла, што турма нікога не робіць лепш, толькі горш», —

працягнуў свае разважанні Паўлючэнка.

На яго погляд, крытыкі свядома вырываюць фразу з кантэксту. Ён тлумачыць гэта альбо неразуменнем, альбо мэтанакіраваным хейтам.

«Калі ты тупы, вось як бы ў цябе зусім ужо мозг адбіты, можна прычапіцца да любога слова. Можна да слова «слова» прычапіцца. І з гэтага выкруціць цэлую хейтарскую кампанію»,

— заявіў галоўны рэдактар Reform.news і працягнуў:

«Мне не падабаецца гэтая беларуская палітычная культура, якая нараджаецца, калі многія дазваляюць сабе (з гэтага палітычнага класа), выкарыстоўваць маніпуляцыі і проста адкрытае хамства для таго, каб хэйціць сваіх палітычных апанентаў. Канкурэнтаў. Калі ёсць канфлікт інтарэсаў. Выкарыстоўваць вось такія метады, на мой погляд, гэта неэтычна і непрыгожа».

Ён прызнаў, што выказванне пра турму магло пакрыўдзіць былых палітвязняў, і звярнуў увагу на эмацыйны пост былога палітвязня Сяргея Гуня, які ўбачыў у гэтых словах спробу выставіць вязняў «агрэсіўнымі аб'юзерамі са зламанай псіхікай, пагрозу, а не рэсурс». Паўлючэнка паспрабаваў развеяць гэтыя асцярогі:

«Я хацеў бы, калі раптам вы пачуеце ў маіх словах водгукі гэтай рыторыкі, проста спыніцца і сказаць, што не, мы так не гаворым. Я толькі спрабую падкрэсліць, што турма нікога не робіць лепшым.

Не становіцца чалавек лепшым ад таго, што ён трапляе ў турму. Гэта ўвогуле неабавязковы досвед. Асабліва для палітвязняў. Яго не трэба праходзіць. Гэта губіць жыццё. Гэта жахлівае выпрабаванне. Лепш бы гэтага ўвогуле ўсяго не было. Вось простая думка».

Чытайце таксама:

Рэдактар Reform.news Паўлючэнка зрабіў стаўку: У Беларусі пройдзе ці першая сустрэча Зяленскага і Пуціна, ці самі перамовы

Юлія Міцкевіч пра Ціханоўскага: Турма нікога не робіць лепшым, толькі горшым

Юлія Міцкевіч: Мае словы пра турму вырвалі з кантэксту. Супраць мяне арганізавалі кампанію цкавання

Каментары да артыкула