На фільм «Класная» загоняць усіх
Такую выснову можна зрабіць з заявы начальніцы аддзела рэпертуарнага планавання УП «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама Юліі Баранавай.
Навучэнцаў Мінскага гандлёва-эканамічнага каледжа змусілі праглядзець фільм «Класная». Фота з тэлеграм-канала каледжа
«Вялікая цікавасць і ўвага публікі, а таксама папярэдні продаж на будучыя выхадныя даюць нам упэўненасць у тым, што па выніках пракату фільм увойдзе ў топ самых касавых фільмаў гэтага года», — адзначыла Юлія Баранава на тэлеканале СТБ.
Ірына Родзік, дырэктарка 73‑й школы Мінска, расказвала ў ток-шоу на СТБ: «Мае дзеці, школа, у першы дзень схадзілі з 5‑га па 11‑ты клас».
«Мы бралі на прэм’еру студэнтаў толькі першага курса. Цяпер ужо ўсе студэнты хочуць паглядзець», — дзялілася Наталля Ждановіч, дэкан факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.
Фільм «Класcная» рэжысёра Кірыла Халецкага расказвае пра маладую выпускніцу педагагічнай ВНУ Таццяну Васілеўскую, якая атрымлівае размеркаванне ў аграгарадок. Фільм вельмі правільны і ідэалагічна вытрыманы. Аж да кнігі «Наш прэзідэнт» у дырэктара школы.
А вас вадзілі ўжо на «Класную»? Пішыце свае ўражанні ў каментах.
Скрыншот з фільма «Класная»
Фільм «Класная»: паглядзелі яго, каб зразумець, якімі «яны» хочуць бачыць «нас»
Ніводзін з сыноў, унукаў і ўнучак Аляксандра Лукашэнкі не паехаў працаваць у аграгарадок, ніводзін не стаў механізатарам, ніводная не пайшла ў настаўніцы. Яны жывуць між Драздамі, Дубаем, Пекінам, вялікімі сцэнамі і эстрадамі. Але новы беларускі фільм «Класная» не пра такое жыццё, а пра сапраўднае — пра тое, якім павінен жыць «просты народ». І як жа? Чытайце ў артыкуле «Нашай Нівы».
Чытайце таксама:
«Маё дзіця дома расказвае, што мы ўсё яшчэ ваюем з немцамі». Чаму цяпер вучаць у беларускай школе