«Пераапрануўся ў амапаўца і дырыжыраваў чорнай дубінкай». Адзін з заснавальнікаў «Вольнага хору» — пра акцыі ў гандлёвых цэнтрах у 2020‑м і працу ў філармоніі ў Літве
Дзяніс Іваноў — былы саліст дзяржаўнага камернага хору. У Мінскай філармоніі ён адпрацаваў 10 гадоў. У 2020‑м мужчына прыдумляў вулічныя акцыі хору, які стаў адным з сімвалаў пратэсту. У інтэрв’ю «Нашай Ніве» Дзяніс расказвае, як склалася яго жыццё пасля.
Дзяніс Іваноў. Фото: by_culture / Telegram
Заробак у філармоніі ў Літве — 1200 еўра
У снежні 2022 года Дзяніс пераехаў у Літву, дзе ўладкаваўся працаваць у Дзяржаўны хор горада Шаўляй. З мінскай філармоніі яго звольнілі яшчэ восенню 2021‑га — дамовіліся, каб пайшоў па згодзе бакоў. А потым унеслі ў «чорныя спісы» Мінкультуры.
У Мінску ў філармоніі мужчына атрымліваў 200 еўра.
«Тут — 1200 еўра пасля падаткаў, працоўны дзень з 9 да 13 гадзіны, — расказвае ён. — Кватэру арандую ў самым цэнтры горада за 300 еўра (Шаўляй — чацвёрты па велічыні горад Літвы, там жыве 117 тысяч чалавек. — НН), такія ж грошы каштуе жытло ў цэнтры Мінска.
Адразу кінулася ў вочы, як яны адносяцца да працы і да супрацоўнікаў. Я прывык у Беларусі адчуваць сябе прыгонным, абавязаным. Напрыклад, трэба было падымаць руку і пытацца, ці можна выйсці ў прыбіральню. А тут свабода.
Наступнае: мае ініцыятывы — напрыклад, зрабіць відэа на канцэрт — аплачваюцца. У Беларусі такое было як абявязак, даходзіла нават да таго, што мне «дзякуй» не казалі. Тут нармальны капіталістычны падыход. Калі захварэў, то дакладна ніхто не будзе прымушаць ісці працаваць. А там заўсёды было пытанне, хто будзе тады спяваць. Даводзілася выходзіць з ангінай».
Але і мінусы працы ў Літве ёсць. «Часам бяруць спяваць на пэўныя выступы людзей, якія робяць гэта горш за мяне, але яны літоўцы. Мабыць, беларуса не хочуць уключаць», — мяркуе Дзяніс.
На канцэрце ў Шаўляі, Літва. Фота: асабісты архіў
Пры такім нізкім заробку ў сталічнай філармоніі Дзяніса ратавала тое, што яшчэ ў 2013 годзе ён разам з партнёрам Антонам адкрыў кандытарскі бізнэс і стаў пячы тарты на замову. У 2014 годзе яны адкрылі кавярню-майстэрню «Да» ў Мінску, дзе праводзілі кулінарныя майстар-класы для дзяцей. Да 2018 года засяродзіліся выключна на вялікіх, вясельных і карпаратыўных тортах, адмовіўшыся ад дробнай выпечкі. А пасля сталі навучаць іншых кандытараў.
У 2023 годзе хлопцы выстаўлялі торты, падобныя да сапраўдных скульптур, у цэнтры Мілана.
«У ГУМе ў касцюме Чырвонага Каптурка раздаваў піражкі»
У Літву Дзяніс пераехаў пасля некалькіх затрыманняў і сутак на Акрэсціна, на якія трапіў за спевы з хорам.
Але, прызнаецца, ездзіў у Беларусі да пачатку 2024-га, пакуль у адну з паездак яго не запрасілі на допыт на мяжы. Яму паказалі відэа з акцый, а таксама іншыя матэрыялы з яго ўдзелам. Пасля гэтага Дзяніс у Беларусь больш не прыязджаў.
Мужчына дадае, што яго шлях у палітычную актыўнасць быў спантанны. Сам ён нарадзіўся ў Расіі, яго мама па нацыянальнасці азербайджанка, дзяцінства хлопец правёў ва Украіне і толькі ў юнацтве пераехаў разам з сям’ёй у Беларусь, у Гомель.
«Мама і сястра выдатна разумелі, што ў нас дыктатура, хто такі Лукашэнка. Ніколі не было разладаў з гэтай нагоды. Але нашы настроі ніколі не заходзілі далёка. Калі мяне спрабавалі запрасіць у нейкую палітызаваную тусоўку, я там не прыжываўся, напэўна, таму што ў мяне няма беларускіх каранёў», — кажа ён.
Фота: асабісты архіў
Упершыню Дзяніс і яго калегі выйшлі на акцыю на прыступкі Мінскай філармоніі 13 жніўня 2020 года. Праз пару дзён далучыўся і Оперны тэатр, які паўтарыў іх учынак.
Сілавікі зацікавіліся Дзянісам 21 жніўня 2020-га, выклікалі на размову ў РУУС, але не затрымлівалі.
«За гэтыя выходныя, 22‑23 жніўня, у чатах пачаліся страхі. Усе сталі гаварыць: «Мы баімся выходзіць на прыступкі філармоніі, мы больш не пойдзем».
І ў панядзелак, 24 жніўня, раніцай мяне гэта проста дастала, я напісаў у чаце, што яны жаляцца як авечкі, а трэба збірацца і выходзіць. Прапаноўваў сабрацца ў гандлёвым цэнтры «Сталіца», надзець маскі. Так і зрабілі. Я дырыжыраваў, спелі дзве песні — «Магутны Божа» і «Пагоня» — і разышліся. Пасля гэтага ў чаце быў проста ўсплёск эйфарыі, ва ўсіх было вялікае ўзрушэнне і натхненне.
Уласна, з гэтага ўсё пачалося, і я стаў галоўным арганізатарам», — расказвае ён.
Да падрыхтоўкі наступнай акцыі, якую правялі праз некалькі дзён у ГЦ «Галерэя» на Нямізе, Дзяніс падышоў ужо больш творча. Былы аніматар, ён апрануўся зайцам: надзеў шапку з вушамі, белыя штаны, белыя пальчаткі і чырвоную вадалазку. З таблічкай «Далучайся» ён выйшаў да людзей. Гэтая акцыя таксама прайшла паспяхова, і пасля яе рух набраў яшчэ большыя абароты.
На акцыю пратэсту на Нямізе Дзяніс пераапранаўся ў Ніну Багінскую, а ў ГУМе стаў Чырвоным Каптурком, раздаваў піражкі з надпісам «Далучайся».
«Дарэчы, адзенне хору — чырвоныя маскі і белыя байкі — мая задумка і рэалізацыя. Пасля перавозіў дваццаць баек праз мяжу ў валізцы ў Варшаву зімой 2021‑2022 для здымак каляднага канцэрта. Іншая музыка займалася пошукам аптовай замовы, і гэта яшчэ было ў Беларусі вясной 2021-га, на свае страх і рызыку», — кажа ён.
«Цяпер засяроджаны на пераездзе ў Ніцу»
У верасні 2020-га, па словах Дзяніса, кіраўніца на той момант хору «Канкордыя» Галіна Казіміроўская звярнулася да яго і калег з просьбай дапамагчы запісаць беларускія песні.
Тады з’явілася назва «Вольны хор»: беларусы ў каментарах да відэа на Tut.by называлі спевакоў «хорам вольных людзей».
«Галіна прапаноўвала сабраць прафесійных спевакоў і запісаць паўнавартасны дыск з вольнымі песнямі. Мы запісалі, прадзюсаваў тады Сяргей Доўгушаў. Але ж мае акцыі ўсё роўна працягваліся, мінімум двойчы на тыдзень.
У сярэдзіне кастрычніка ўжо наўпрост на акцыях пачалі з'яўляцца амапаўцы. Яны ў нас стралялі нейкай аранжавай вадой. І на адной з акцый я пераапрануўся ў амапаўца, напісаў сабе на майцы «ПЯЕМ» замест «АМАП». Дырыжыраваў чорнай дубінкай. Пасля гэтага мяне затрымалі першы раз, далі 15 сутак.
Я не спыніўся і пасля гэтага. Толькі калегі сталі казаць, каб я быў больш асцярожны, замест мяне дырыжыраваць сталі выходзіць іншыя, а самі канцэпцыі працягваў прыдумляць я. Так, у студзені 2021‑га я пашыў 12‑метровы бел-чырвона-белы сцяг на акцыю ў «Дана Моле», пасля яе было маё другое затрыманне».
Другі раз мужчыну пратрымалі на Акрэсціна 7 дзён (суды пераносілі і справы адпраўлялі на дапрацоўку, пасля першых 72 гадзін яго перазатрымалі).
Як кажа Дзяніс, з далучэннем Галіны Казіміроўскай з’явілася ідэя адбіраць з хору людзей, якія хацелі б спяваць на сцэне, прапаноўвалі зрабіць праслухоўванне.
«Я быў супраць, бо мая ідэя заключалася ў тым, што ў «Вольным хоры» ўдзельнічаюць усе, хто хоча, — тлумачыць ён. — Але праслухоўванне ўсё ж правялі, без майго ўдзелу. І летам я ўжо амаль адышоў ад хору, таму што фармат змяніўся, адрозніваўся ад таго, які я першапачаткова задумваў. Апошняя наша акцыя была на Камароўскім рынку, пасля якой мяне зноў затрымалі, трэці раз, далі 15 сутак. Тады ж прайшла вялікая аблава, і многія з’ехалі ў Варшаву.
Тое, што Галіна зрабіла з «Вольным хорам», — яе заслуга, я супраць нічога не маю, у мяне, напэўна, так бы не атрымалася, і ў цэлым такіх планаў не было. Мая планка — толькі вулічныя акцыі».
На пытанне, ці хацеў бы вярнуцца ў беларускі рух, але ўжо ў эміграцыі, Дзяніс адказвае, што спрабаваў далучыцца, але канкрэтнай працы ці праект яму не прапанавалі, бо, мяркуе ён, у многіх апусціліся рукі.
«Я цяпер засяроджаны на пераездзе ў Ніцу, Францыю. Там жыве мой партнёр, займаецца кандытарствам. Цяпер я ў працэсе атрымання бізнэс-візы. Калі ў новым горадзе будзе для мяне нейкая магчымасць рэалізацыі ў беларускім руху, то я буду толькі рады.
Але я не хачу кідаць займацца музыкай. Харавыя акадэмічныя спевы — гэта тое, без чаго я жыць не магу. Думаю, як быць, магчыма, буду на паўстаўкі ў філармоніі ў Шаўляі. А можа, знайду працу ў гэтай сферы ў Францыі, хаця гэта нашмат цяжэй, канечне, чым у Літве», — падсумоўвае Дзяніс.
Чытайце таксама:
Кіраўніца «Вольнага хору»: Адзін з пунктаў для рэпетыцый быў побач з будынкам КДБ
На сваім працоўным месцы затрыманы супрацоўнік Белдзяржфілармоніі Дзяніс Іваноў