Амаль тысяча расійскіх вайскоўцаў, якія прыйшлі з вайны, сталі фігурантамі спраў аб забойствах
Паводле расследавання выдання «Медыязона», з 2023 года ў расійскія вайсковыя суды паступіла не менш за 989 крымінальных спраў паводле артыкулаў аб забойстве і наўмысным прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, што прывялі да смерці.
Фота ілюстрацыйнае
Колькасць прысудаў у адносінах да вайскоўцаў па гэтых артыкулах рэзка ўзрасла ў 2023 годзе. Тады суды вынеслі рэкордную колькасць прысудаў за забойствы, цяжкія пабоі і гвалтоўныя дзеянні.
У 2023‑м асудзілі 266 вайскоўцаў (у 2022‑м было толькі 38), у 2024‑м — 346 чалавек, а за перыяд з студзеня па верасень 2025 года ў суды ўжо паступіла 377 новых спраў.
«Медыязона» падкрэслівае, што гарнізонныя суды разглядаюць толькі справы супраць вайскоўцаў. У той жа час акруговыя і флоцкія суды могуць разглядаць і забойствы супраць цывільных або замежных ваеннапалонных — гэтыя выпадкі ў падлікі не ўключаліся.
Раней, у лютым, выданне «Вёрстка» паведамляла, што за тры гады вайны расійскія салдаты, якія вярнуліся з Украіны, забілі і пакалечылі больш за 750 чалавек у Расіі. Пры гэтым загінула не менш як 378 чалавек, а яшчэ 376 атрымалі цяжкія траўмы.
Большасць злачынстваў адбываліся ў пабытовых умовах, найчасцей супраць сваякоў і знаёмых, а ў многіх выпадках — пад уздзеяннем алкаголю.
З 334 вядомых выпадкаў са смяротным вынікам за тры гады, 166 былі забойствамі (196 загінулых), а яшчэ 112 — выпадкамі цяжкіх пабояў, якія таксама прывялі да смерці.
Чытайце таксама:
За верасень у праекце «Горюшко» дадалося амаль 10 тысяч імён загінулых расійскіх вайскоўцаў
«Вярнулі як быдла». Вызваленых расійскіх палонных адразу адпраўляюць назад на вайну
Названыя 13 расійскіх камандзіраў, датычных да злачынстваў у Бучы