У Кобрыне аўтахтон пагражаў падлеткам пісталетам
22‑гадовы жыхар Кобрына вырашыў пагутарыць з двума падлеткамі. Але ў выніку ўзнік канфлікт.
Зараз падазраваны затрыманы — у дачыненні да яго распачата крымінальная справа.
Па інфармацыі следства, інцыдэнт адбыўся 4 кастрычніка. Увечары 22‑гадовы мясцовы жыхар, які знаходзіўся ў стане ап’янення, падышоў да двух 14‑гадовых падлеткаў.
Школьнікі ў гэты момант паказвалі адзін аднаму элементы барацьбы — гэта і прыцягнула ўвагу падазраванага. Хлопец пачаў патрабаваць, каб прыёмы ўжылі да яго, але атрымаў адмову.
«Падазраваны прыклаў да галавы аднаго са школьнікаў пнеўматычны пісталет. Для пацверджання сур’ёзнасці намераў ён зрабіў стрэл у бок, а затым ударыў нагой другога падлетка, спрабуючы справакаваць канфлікт. Аднак падлеткі не паддаліся на правакацыі і ўцяклі», — паведамілі ў Следчым камітэце.
Пра тое, што адбылося, школьнікі распавялі бацькам, а тыя звярнуліся ў міліцыю. Неўзабаве падазраванага затрымалі, таксама былі канфіскаваны пнеўматычны пісталет і кулі. У дачыненні да кобрынца распачата крымінальная справа за асабліва злоснае хуліганства.