БЕЛ Ł РУС

У Мінску прадаюць кватэру за $2,3 мільёна. Што прапаноўваюць за такія шалёныя грошы? ШМАТ ФОТА

8.10.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Кажуць, над праектам чатырохпакаёўкі працавалі французскія дызайнеры і будаўнікі. А плошча адной толькі адкрытай тэрасы больш за 90 квадратаў.

Фота тут і далей: a-h.by

Знаходзіцца гэтая кватэра на вуліцы Філімонава ў Мінску — гэта жыллёвы комплекс «Аквамарын». Пентхаус на шостым паверсе, з яго адкрываецца шыкоўны від на Сляпянскую водную сістэму і лесапарк.

Плошча чатырохпакаёўкі каля 216 квадратаў. Прасторныя светлыя пакоі вытрыманыя ў адзіным стылі — мінімалізм з акцэнтам на натуральныя матэрыялы і спакойную колеравую гаму.

Інтэр’ер пабудаваны на гульні светлага дрэва, мяккіх тканін і акцэнтных дэталяў: вялікія панарамныя вокны і лёгкія фіранкі напаўняюць пакоі натуральным святлом.

Гасцёўня з вялізнай канапай і ўбудаванай медыязонай плаўна перацякае ў кухню.

У дзіцячых пакоях стаяць двух’ярусныя ложкі, інтэграваныя сістэмы захоўвання і месцы для гульняў.

Спальня вытрыманая ў спакойных бэжавых і шакаладных колерах.

Асаблівай увагі заслугоўвае гардэробная, якая больш нагадвае памяшканне буціка: вітрыны, падсветка і прадуманая арганізацыя захоўвання.

Памерам яна не вельмі саступае мікракватэрам у «Мінск-Свеце». Для захоўвання адзення і аксэсуараў выдзелены 21 квадрат. Улічваючы, што адзін квадрат у гэтай элітнай кватэры каштуе больш за $10500, спатрэбіцца прадаць не адну хрушчоўку недзе ў Серабранцы, каб аплаціць толькі гардэробную.

Але галоўная фішка кватэры — тэраса плошчай каля 93 квадратаў. Тут можна арганізаваць сямейную вячэру пад адкрытым небам ці загараць летам у лаўнж-зоне.

У аб'яве пазначана, што над праектам кватэры працавалі французскія дызайнеры і будаўнікі. У аддзелцы выкарыстоўваліся дарагія імпартныя матэрыялы, стаіць прэміяльная тэхніка, стол з вулканічнага каменя.

Выкуплены два памяшканні над тэрасай — гэта творчыя майстэрні. Ёсць і два машынамесцы з зараднай прыладай для электрааўтамабіляў.

Просяць за ўсю гэтую раскошу $2,3 мільёна.

Чытайце таксама:

Дзяўчына расказала, як прыехала «біцца за кватэру» ў элітным ЖК Мінска, але ўсе раскупілі праз 15 хвілін

У Бабруйску здаюць элітную кватэру, дзе ўнітаз знаходзіцца на кухні — кажуць, рамантычна

У Мінску прадаюць элітную кватэру з відам на плошчу Перамогі. Колькі просяць?

Каментары да артыкула