Канапацкая патлумачыла, што азначае яе паручальніцтва за Пачобута
Экс-кандыдатка ў прэзідэнты ў сваім інстаграме апублікавала іранічны пост з тлумачэннем таго, як яна асабіста можа паўдзельнічаць у вызваленні журналіста Анджэя Пачобута. Яна прапануе памяняць яго на Паўла Латушку.
Фота з інстаграма Ганны Канапацкай
«Што датычыцца майго асабістага паручальніцтва: у адпаведнасці з указам прэзідэнта да хадайніцтваў аб памілаванні асуджанымі могуць быць далучаныя асабістыя паручальніцтвы, якія заключаюцца ў прыняцці на сябе асобамі, што заслугоўваюць даверу, пісьмовага абавязацельства пра тое, што асуджаны ў выпадку прымянення да яго памілавання ў выглядзе вызвалення цалкам або часткова ад адбывання як асноўнага, так і дадатковага пакарання, замены пакарання або яго неадбытай часткі больш мяккім, вызвалення ад пакарання ўмоўна — знаходзячыся на свабодзе, не здзейсніць новае наўмыснае злачынства на працягу неадбытай часткі пакарання. Беларускае заканадаўства прадугледжвае такую магчымасць», — напісала яна.
«Альтэрнатыўным крокам, адносна памілавання Анджэя рашэннем Лукашэнкі, я хачу прапанаваць польскаму боку разгледзець пытанне абмену Анджэя Пачобута на таго, хто знаходзіцца пад крымінальным пераследам, Паўла Латушку», — напэўна, пажартавала Канапацкая.
Яна дадала, што паслядоўна і непублічна займаецца пытаннем Анджэя Пачобута і ўсебакова падтрымлівае тое, што робіць Анжаліка Борыс.
Учора Rzeczpospolita са спасылкай на крыніцу ў польскім урадзе паведаміла, што вызваленне Анджэя Пачобута і стабілізацыя сітуацыі на мяжы прывядуць да адкрыцця новых, раней закрытых пагранічных пераходаў на мяжы Беларусі і Польшчы, а Канапацкая прапанавала стаць паручыцелем.