Нобелеўскую прэмію міру атрымала лідарка венесуэльскай апазіцыі Марыя Карына Мачада
Яна праціўніца дыктатара Мадура, была кандыдаткай у прэзідэнты, якой не дазволілі балатавацца.
Фота: Jesus Vargas/Getty Images
Нарвежскі Нобелеўскі камітэт адзначыў Мачада «за яе нястомную працу дзеля рэалізацыі дэмакратычных правоў народа Венесуэлы і за яе барацьбу за справядлівы і мірны пераход ад дыктатуры да дэмакратыі».
Марыя Карына Мачада нарадзілася ў 1967 годзе. Яе прадзедам быў Эдуарда Бланка — венесуэльскі палітык і пісьменнік, забіты падчас паўстання супраць венесуэльскага дыктатара Хуана Вісэнтэ Гомеса. Скончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці «прамысловае машынабудаванне», мае ступень магістра ў галіне фінансаў Інстытута перспектыўных даследаванняў у галіне кіравання ў Каракасе.
У 1992 годзе Мачада заснавала дабрачынны фонд «Атэнеа», сродкі якога былі накіраваныя на дапамогу дзецям-сіротам і бяздомным дзецям Каракаса.
Была дэпутатам Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы (2011—2014), была заснавальніцай дабрачыннай арганізацыі Súmate. Спрабавала балатавацца ў прэзідэнты Венесуэлы на выбарах 2012 года, аднак не выйграла апазіцыйныя праймерыз.
Мачада была адной з вядучых фігур падчас венесуэльскіх пратэстаў 2014 года супраць урада Нікаласа Мадура.
Яе не зарэгістравалі кандыдатам на мінулых прэзідэнцкіх выбарах у 2024 годзе, таму прадстаўніком ад аб'яднанай апазіцыі стаў Эдмунда Гансалес. Яны ўдваіх бралі ўдзел у мітынгах.
Марыя Карына Мачадэ зараз знаходзіцца ў Венесуэле, ёй забаронены выезд з краіны.
***
У мінулым годзе нобелеўскую прэмію міру атрымала японская арганізацыя «Ніхон Хіаднкё» за «намаганні па дасягненні міру, свабоднага ад ядзернай зброі», у 2022 годзе — Алесь Бяляцкі.
Учора быў названы нобелеўскі лаўрэат па літаратуры. Ім стаў венгерскі пісьменнік Ласла Краснахаркаі.
Завершыцца нобелеўскі тыдзень у панядзелак абвяшчэннем лаўрэата па эканоміцы.
Уручэнне прэмій пройдзе ў снежні.
Чытайце таксама:
Нобелеўскім лаўрэатам па літаратуры стаў Ласла Краснагаркаі
Названыя нобелеўскія лаўрэаты па хіміі
Што гэта за загадкавы квантавы тунэль, за які сёння далі Нобеля?