Найбуйнейшы нафтавы тэрмінал Крыма пасля атакі дрона гарыць пятыя суткі
У Феадосіі ўжо пятыя суткі працягваецца пажар на найбуйнейшым у Крыме марскім нафтавым тэрмінале, атакаваным уначы 6 кастрычніка беспілотнікамі Узброеных сіл Украіны, піша The Moscow Times.
Фота: mntoil
Паводле сведак і даных спадарожнікавага сэрвісу NASA FIRMS, агонь дагэтуль не ўдалося патушыць. Падчас удару загарэліся як мінімум два рэзервуары з палівам, чорны дым цягнуўся больш чым на 25 кіламетраў, з ваколіц эвакуявалі каля 250 чалавек.
Феадасійская нафтабаза — найбуйнейшая на паўвостраве, яна можа захоўваць да 250 тысяч тон паліва, якім забяспечваюцца расійскі флот і сухапутныя войскі. Гэта ўжо не першая атака: у кастрычніку 2024 года тэрмінал таксама пацярпеў, і тады ў горадзе абвясцілі рэжым тэхнагеннай надзвычайнай сітуацыі.
Нягледзячы на тое, што вакол аб’екта былі ўсталяваныя сістэмы ППА «Панцыр-С1», вежы назірання, сеткі і рэжым святломаскіроўкі, яны не змаглі спыніць новую атаку.
Перад гэтым, 29 верасня 2025 года, на тэрмінале ўжо адбыўся пажар у выніку парушэння тэхналогіі зварачных работ. Тады агонь ахапіў больш за 600 м², і яго патушылі толькі на наступны дзень.
Пажары і атакі адбываюцца на фоне вострага дэфіцыту паліва ў Крыме. Ужо каля двух тыдняў аўтамабілістам прадаюць не больш за 20 літраў бензіну ў адны рукі, а прыкладна палова АЗС перастала працаваць з-за праблем з пастаўкамі. Пры гэтым расійскія акупацыйныя ўлады сцвярджаюць, што феадасійская нафтабаза нібыта не ўдзельнічае ў забеспячэнні мясцовых заправак.
Чытайце таксама:
Дроны над пляжам, груз 200 і не працуе GPS. Як беларусы сёлета адпачывалі ў Крыме
Вайсковыя аб'екты і інфраструктура СПА былі пашкоджаныя ў анексаваным Крыме