Шэсць спосабаў, як пакаленне Z псуе працу ўсім астатнім
Патрабаванне «бяспечнай прасторы», маніякальная ўвага да ментальнага здароўя і праца ў навушніках — зумеры навязваюць свае ўяўленні аб працоўнай атмасферы. Але для многіх старэйшых калег гэтыя новыя нормы абсалютна непрымальныя.
Як адзначае выданне The Telegraph, апошнія даследаванні паказваюць, што каля 70 працэнтаў кіраўнікоў прызнаюць цяжкасці ў працы з маладымі супрацоўнікамі — праз іх «нерэалістычныя чаканні» і стаўленне да начальства і аўтарытэтаў. Журналісты паразмаўлялі як з прадстаўнікамі старэйшага пакалення, так і з маладымі супрацоўнікамі і сабралі шэсць асноўных прэтэнзій ад старэйшых калег да малодшых.
1. Пазбяганне тэлефонных размоў
Тэлефонны этыкет — адна з галоўных раздзяляльных ліній на працоўным месцы, бо старэйшыя кіраўнікі збянтэжаныя нежаданнем маладзейшых калег тэлефанаваць ці нават адказваць на званкі.
47‑гадовая маркетолаг Міранда расказвае, як патэлефанавала маладому кандыдату, каб правесці сумоўе. Але калі 20‑гадовы хлопец падняў слухаўку, ён проста маўчаў.
«Ён проста дыхаў у слухаўку, — кажа Міранда. — Кашмар!»
Многія маладыя супрацоўнікі ўспрымаюць званкі з сапраўдным страхам. 22‑гадовая юрыстка Эма прызнаецца, што баіцца іх. «Калі я не ведаю нумара, я проста не адказваю. Часткова гэта трывога, часткова тое, што ў мяне не заўсёды хапае для гэтага энергіі. Я аддаю перавагу перапісцы з людзьмі».
Такая пазіцыя незразумелая 59‑гадоваму бухгалтару Роберту:
«Дзесяць гадоў таму нашы навічкі хаця б ведалі, як павітацца па тэлефоне ці пачаць размову. Гэта быў базавы навык. Цяпер жа цяжка прымусіць каго-небудзь патэлефанаваць — яны замест гэтага пішуць электронныя лісты і чакаюць адказу гадзінамі. Гэтае пазбяганне тэлефонных званкоў у іх дасягнула маштабу фобіі».
Дырэктарка рэкрутынгавага агенцтва Хабіба Хатун папярэджвае, што так губляецца важны навык. «Праз электронную пошту можна атрымаць інфармацыю, але нельга адчуць адценні тону, інтанацыю, якія трэба, каб выбудаваць адносіны з кліентам».
2. Патрабаванне «бяспечнай прасторы»
Хоць грамадства стала больш усведамляць праблемы псіхічнага здароўя, некаторыя лічаць, што ўвага да гэтай тэмы выйшла з-пад кантролю.
«Малодшыя калегі часта расказваюць мне пра свайго хворага ката, няўдалы разрыў адносін ці праблемы з арэндай кватэры, — кажа Міранда. — А потым заяўляюць, што іх узровень стрэсу і трывогі зашкальвае, таму я павінна паважаць іх патрэбу ў «бяспечнай прасторы» і нічога ад іх не патрабаваць. Я не хачу ведаць усё пра ваша жыццё, мне важна, каб вы проста рабілі сваю работу».
Роберт дадае, што маладыя супрацоўнікі часта спасылаюцца на ментальнае здароўе, калі просяць перанесці дэдлайн або адмаўляюцца ад новых абавязкаў. «Але калі вы ніколі не выходзіце з зоны камфорту, як вы будзеце прафесійна расці?» — пытаецца ён.
Хабіба Хатун апісвае падзел у гэтым пытанні як непазбежны. Адно пакаленне, якое актыўна заахвочвалі гаварыць пра свае пачуцці і якое выкарыстоўвае лексікон, «поўны модных слоўцаў», супрацьпастаўляецца старэйшым калегам, якіх выхоўвалі зусім інакш.
22‑гадовы банкір Джаспер сцвярджае, што яго пакаленне проста імкнецца падтрымліваць здаровы баланс паміж працай і жыццём.
«Але мой начальнік незадаволены тым, што я шчыра вызначаю гэтыя межы», — кажа ён.
3. Слухаўкі з шумапрыгнятаннем
Па словах Хабібы Хатун, для пакалення Z лічыцца нармальным сядзець на працоўным месцы ў навушніках. Старэйшыя калегі не могуць сабе такога ўявіць.
Ілюстрацыйны малюнак, створаны з дапамогай штучнага інтэлекту
«Калі я пачынала працаваць, то я прагна ўпітвала усё, што адбываецца вакол, — кажа Міранда. — Так можна пачуць пра цікавыя магчымасці ці даведацца, як працаваць з пэўнымі кліентамі. Надзець навушнікі для мяне азначае сказаць: «Мне пофіг на каманду, пофіг на працоўнае месца — я проста раблю ўсё на сваіх умовах».
Але 22‑гадовая Эма сцвярджае, што ізаляцыя ад знешняга свету павышае прадукцыйнасць. «Музыка дапамагае мне сканцэнтравацца. Я нашмат лепш выконваю задачы», — кажа яна.
З ёй пагаджаецца Джаспер, які прызнаецца, што часта сутыкаецца з асуджальнымі поглядамі або заўвагамі за тое, што працуе ў слухаўках.
4. Нястрогі дрэс-код
Нефармальнасць у офісным адзенні выклікае абурэнне ў многіх старэйшых супрацоўнікаў.
«Калі я пачынала, то хвалявалася, ці дастаткова строга я апранутая, — успамінае Міранда. — Цяпер правілы сталі больш свабоднымі, часам проста хоць стой хоць падай: міні-спадніца, ногі босыя, топ без станіка».
Роберт расказвае, як малады калега прыйшоў на працу «ў скураных штанах у абцяжку і з гатычным макіяжам». Калі яму зрабілі заўвагу, ён адказаў, што ўвечары ідзе на канцэрт, і яму не будзе калі пераапрануцца, і ўвогуле, ён «проста застаецца сабой».
У сваю чаргу, Эма адмаўляе думку, што яе аднагодкі забілі на дрэс-код, хоць і прызнае, што многія аддаюць перавагу камфорту перад фармальнасцю — напрыклад, носяць красоўкі замест скураных туфляў.
5. Зацыкленасць на «эка», «вэлнэсе» і «прагрэсіўных» каштоўнасцях
Міранда згадвае пра нядаўні канфлікт з калегай з пакалення Z. Жанчына раздрукавала дакумент з шасці слоў, пасля чаго маладая калега падышла да яе са словамі: «Вы ведаеце, колькі дрэў вы толькі што забілі? Іх кроў на вашых руках».
Міранда прызнаецца, што ў пэўным сэнсе захапляецца такой пазіцыяй, але ёй не падабаецца, калі за такое цябе называюць забойцам.
Роберт таксама сутыкаўся з падобным, калі калега прачытаў яму лекцыю пра перавагі расліннай дыеты, калі той еў бутэр з шынкай.
Калі дадаць да гэтага велізарныя бутэлькі з вадой, зялёныя смузі і пратэінавыя кактэйлі, то, як кажа Роберт, «офіс ператвараецца ў модны вэлнэс-цэнтр», дзе прагрэсіўныя погляды важнейшыя за выкананне працы.
6. Спазненні і ранні сыход
Мабыць, самы вялікі разрыў паміж пакаленнямі, як адзначаюць аўтары, гэта стаўленне да працоўнага часу.
Міранда ўспамінае, што ў яе часы звышурочная праца была нормай, і ўсё роўна знаходзіўся час, каб схадзіць з калегамі ў паб пасля працы.
«Я адпрацоўвала сваё. Прадстаўнікі пакалення Z — поўная супрацьлегласць. Яны ніколі не застануцца на працы пасля 18:00, але некаторыя спакойна спазняюцца кожны дзень, і ім норм пры гэтым прасіць дадатковыя выхадныя», — кажа жанчына.
Хабіба Хатун тлумачыць, што ў маладых людзей іншае ўяўленне пра баланс працы і жыцця, бо яны не бачаць сэнсу і патрэбы рваць жылы:
«Цяпер ніхто ўжо не спадзяецца, што калі ты цяжка працуеш, ты зможаш набыць дом.
Затое пакаленне Z баіцца выгарання».
Эма са свайго боку заўважае, што не супраць затрымацца, калі ёсць тэрміновая задача. «Але я ненавіджу проста сядзець у офісе без справы — чаму нельга пайсці раней? Гэта проста паказное, і не мае адносін да прадукцыйнасці».
Дзяўчына дадае, што для большасці яе аднагодкаў праца — гэта «сродак для дасягнення мэты, а не праца на ўсё жыццё», бо ў многіх ёсць свае хобі і дадатковыя праекты.
Чытайце таксама:
Вобраз мача ўжо не ў модзе: як пакаленне Z абірае партнёра