З пачатку года ў Польшчы дазвол на жыхарства атрымалі 26 тысяч беларусаў
За 9 месяцаў 2025 года 26 тысяч беларусаў атрымалі дазвол на жыхарства ў Польшчы, адмовілі больш чым тром тысячам, піша Most са спасылкай на Цэнтр беларускай салідарнасці.
Фота: Most
У студзені—верасні 2025 года 26 тыс. беларусаў атрымалі ДНЖ у Польшчы. Адмовілі ў ДНЖ 3,4 тыс. грамадзянам Беларусі, разгляд спраў яшчэ 1 тыс. прыпынены.
Хто і дзе атрымлівае ДНЖ
Часцей за ўсё беларусы атрымліваюць часовыя ДНЖ. За 9 месяцаў гэты дакумент атрымалі 21,7 тыс. чалавек. У асноўным гэта мужчыны (57%), пераважна ва ўзросце ад 35 да 64 гадоў.
Як правіла, беларусы атрымліваюць часовыя ДНЖ у сувязі з працай (62%) або як члены сям’і (20%), яшчэ 4% атрымліваюць дакументы для навучання і 14% — па іншых прычынах.
Пастаянны ДНЖ за 9 месяцаў далі 3,8 тыс. грамадзянам Беларусі, у асноўным на падставе польскіх каранёў.
518 чалавек атрымалі статус доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС.
Варта адзначыць, што разгляд спраў пакуль не паспявае за падачай заяў. З пачатку года беларусы падалі 37,7 тыс. заяў на ВНЖ. Больш за ўсё заяўнікаў пражываюць у Мазавецкім (14,0 тыс.), Вялікапольскім (3,9 тыс.), Ніжнесілезскім (3,9 тыс.) і Падляскім (3,5 тыс.) ваяводствах.
На якіх падставах беларусы жывуць у Польшчы
Усяго на 1 кастрычніка 2025 года грамадзяне Беларусі знаходзяцца ў Польшчы на падставе:
-
часовага ДНЖ (часовы побыт) — 90,5 тыс.
-
пастаяннага ДНЖ (сталы побыт) — 42,0 тыс.
-
доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС — 2,0 тыс.
-
дадатковай абароны — 9,7 тыс.
-
статусу бежанца — 1,0 тыс.
-
часовай абароны — 0,5 тыс.
-
па іншых дакументах (акрамя віз) — 164 чалавекі
Больш за ўсё беларусаў жыве ў Мазавецкім ваяводстве (54 тыс.). Далей ідуць Падляскае (14 тыс.), Ніжнесілезскае, Паморскае і Вялікапольскае (па 12 тыс.) і Малапольскае (10 тыс.).