Прадпрымальнік купіў за базавую будынкі з абсталяваннем. Іх у яго забралі і яшчэ далі 2,5 мільёна штрафу
У Гомельскай вобласці вернуты ва ўласнасць дзяржавы пяць прададзеных з аўкцыёну будынкаў і больш за 500 адзінак абсталявання. Зверху да забраных будынкаў прадпрымальнік павінен дзяржаве 2,5 мільёна штрафу, пішуць «Гомельскія ведамасці».
Як распавядае выданне, дырэктар адной з фірмаў у Гомельскай вобласці набыў у 2021 годзе комплекс вытворчых будынкаў па базавай цане, а да іх — абсталяванне на 58 тысяч рублёў у растэрміноўку. Паводле ўмоў пагаднення, ён мусіў запусціць на гэтай базе вытворчасць, але вырашыў зарабіць інакш.
Ён фіктыўна здаў будынкі ў арэнду «сяброўскаму» прадпрыемству, а абсталяванне разабраў і частку яго прадаў за 105 тысяч рублёў. Рэшту плацяжу па растэрміноўцы (25,6 тысячы рублёў) ён уносіць не стаў.
Паводле рашэння суда, дагавор куплі-продажу быў скасаваны, і ўся набытая маёмасць вернута прадаўцу.
Акрамя таго, на прадпрымальніка наклалі штраф у памеры 2,5 мільёна рублёў. Абласны дэпартамент фінансавых расследаванняў завёў на яго крымінальную справу.