Беларусь чакае новая хваля савецкіх людзей з Латвіі і Эстоніі
Пасля таго, як стала вядома, што Латвія загадала больш як 800 расійскім грамадзянам, якія за чатыры дзесяцігоддзі жыцця ў краіне так і не здолелі вывучыць латышскую мову, пакінуць краіну, у суполках кшталту «На ПМЖ у Беларусь» актывізаваліся выхадцы з гэтай краіны. Аналагічна і жыхары Эстоніі, якія не здолелі ўліцца ў эстонамоўнае асяроддзе.
Чыгуначны вакзал у Мінску. Ілюстрацыйнае фота: LookByMedia
Што, акрамя магчымасці далей размаўляць выключна па-руску, прываблівае гэтых людзей у нашай краіне?
У тэматычных групах і каналах, якія дапамагаюць з пераездам у Беларусь на пастаяннае месца жыхарства, знаходзім падобныя паведамленні:
«Добры дзень, жывём у Эстоніі. У жонкі — эстонскі пашпарт, у мяне — «асоба без грамадзянства». Пасля развалу СССР далі шэры пашпарт. Хочам пераехаць у Беларусь у сувязі з русафобіяй у Еўропе і забаронай рускай мовы ў школах і на месцах працы. Для нас тут працу знайсці практычна нерэальна, таму разглядаем варыянты краін з добрым унутраным становішчам».
«Хачу, каб дачка вучылася ў рускамоўнай школе. Дзе ў вас тут паглядзець, у якіх раёнах і гарадах рускія школы (з адрасам)?»
«Раскажыце, у які раён ці гарады перасяляюцца з Латвіі, Літвы? Таксама падумваю, хочацца бліжэй да землякоў. Хацелася б не далёка ад вялікага горада і з возерам побач».
«Сям’я хоча перабрацца з Латвіі на ПМЖ у Беларусь. Падкажыце, якая сярэдняя зарплата ў горадзе Гомель? Разглядаецца гэты горад».
«Шчаслівыя людзі выязджаюць з гэтых «педавыміратаў».
«Планую здаваць сваю кватэру ў Рызе і ні ў чым сабе не адмаўляць у чыстай, гасціннай Беларусі. Што параіце абраць з гарадоў?»
Замежнікаў, што разглядаюць Беларусь у якасці новага месца жыхарства (дарэчы, часцей за ўсё іх вока падае на Гродна, Ліду і Браслаўшчыну), агітуюць ранейшыя эмігранты — або боты:
«Усё, па што я сюды ехала, я тут знайшла: зразумелыя чалавечыя каштоўнасці, прапаганда важнасці сям'і і павагі да гісторыі, выдатная школьная адукацыя, добрая медыцына і проста касмічны ўзровень бяспекі ў любы час сутак. У нашы неспакойныя і шмат у чым вельмі дзіўныя часы ў Беларусі, як у іншай галактыцы.
У свеце — войны, тэракты, нацыяналізм, гендарная нявызначанасць, а ў Беларусі — цішыня і спакой, дзяржаўная палітыка — на развіццё прамысловасці і міжнароднага гандлю, прэзідэнт як топавы гандлёвы менеджар вандруе па краінах і масава прадае ўсё, што вырабляе Беларусь. А вырабляе Беларусь дахалеры (прабачце) чаго», — не скупіцца на кампліменты рыэлтарка і псіхолаг, якая пераехала ў Беларусь з Латвіі два гады таму.
Пры гэтым жанчына працягвае працаваць і на рынак нерухомасці Латвіі, а яшчэ з зайздросным пастаянствам вандруе па Еўропе.
Яшчэ адна ўдзельніца суполкі «На ПМЖ у Беларусь», задаволеная пераездам, хваліцца: «Прадала ў Латвіі трохпакаёўку, купіла там аднушку і здаю, у Беларусі купіла двушку. Не ў Мінску, вядома, але задаволеная».
Людзі ж у гадах прызнаюцца, што хочуць дачакацца еўрапейскай пенсіі, і пасля гэтага таксама рвануць у Беларусь, дзе іх «не будуць прыгнятаць за рускую мову».
Праўда, ёсць сярод водгукаў-захапленняў і крытычныя ацэнкі (у групе звычайна выдаляюцца вострыя пытанні і блакуюцца іх аўтары). Вось адна з рэцэнзій на Беларусь, што прайшла цэнзуру адмінкі:
«Нахалеру я ехала ў Віцебск? Я не думала, што ўсё так складана. У РБ такая бюракратыя і такія падаткі. У вас усё складана прыдумана. Лягчэй працаваць у працадаўцы, чым сваё адкрыць. Прабачце за параўнанне, але ў Еўропе ўсе значна прасцей з гэтай справай. Няма такіх складанасцяў. Ды і выбару ў вас няма прафесій для жанчын».
Мяжа Латвіі і Эстоніі. Ілюстрацыйнае фота
Праз маніторынг сацсетак тых, хто сабраўся ў Беларусь з Латвіі і Эстоніі, можна пабачыць, што гэта збольшага аўдыторыя расійскіх дзяржаўных навін — менавіта рэпосты адтуль можна часцей пабачыць на іх старонках.
Характэрна, што замест Беларусі амаль усе яны пішуць «Белоруссия», і не радуюцца таму, што і тут для працаўладкавання ім як мігрантам прыйдзецца здаць экзамен на веданне адной з дзяржаўных моў, хоць гэта можа быць і вядомая ім руская.
Патрабаванні даказаць валоданне латышскай мовай (узровень не ніжэй за A2) і прайсці спецыяльныя праверкі бяспекі да 30 чэрвеня 2025 года, каб атрымаць статус доўгатэрміновага жыхара ЕС, некаторыя рускамоўныя жыхары Латвіі назвалі «вайной супраць славян».
«Ідзе вайна супраць славян, ужо шмат гадоў. Таму ці падстройвацца, ці ехаць да сваіх», — напісаў адзін з удзельнікаў тэматычнага чата ў тэлеграме на тэму пераезду ў Беларусь.
«У нас і сябры, і сваякі латышы. Але нам на нашай мове (рускай — НН) навучацца не даюць. Святы толькі ў латышскім стылі. Рускага нічога. Ні тэатраў, ні кінатэатраў (хіба нешта яшчэ ёсць?). Вярхі краіны мараць пра латвійскую Латвію. Нам месца няма», — тлумачаць сваё жаданне эміграваць рускамоўныя каментатары.
Варта адзначыць, што адмінам суполкі з’яўляецца ўраджэнка Наваполацка і выкладчыца англійскай мовы Дар’я Лемяшонак. Яна сама ў свой час жыла на радзіме мужа ў Латвіі, але пасля яны разам пераехалі ў Беларусь. У сябе на старонцы жанчына прызнаецца ў любові да Расіі, а таксама негатыўна адгукаецца пра Украіну, Захад і беларусаў-«бэчэбэшнікаў». На яе меркаванне, ад русафобіі ў Беларусь з Еўропы «збягуць тысячы».
Дар’я Лемяшонак. Фота: асабістая старонка ў фэйсбуку