Сілавікі выкупілі на дзень аквапарк «Лебядзіны» для ідэалагічнага мерапрыемства
20 кастрычніка ў музеі Вялікай Айчыннай вайны міністр унутраных спраў Іван Кубракоў уручыў новыя пагоны павышаным у званні супрацоўнікам міліцыі і ўнутраных войскаў. Пры гэтым ён анансаваў, што заўтра ў ягоным ведамстве запланаванае мерапрыемства з яшчэ большым размахам.
Фота: t.me/pressmvd
Кубракоў адзначыў, што цырымонія ўзнагароджання праходзіць напярэдадні афіцыйнага Дня бацькі. Па яго словах, у сістэме Міністэрства ўнутраных спраў служаць 2 500 шматдзетных сем'яў, у якіх выхоўваюцца амаль 9 000 дзяцей.
«Заўтра арганізуем маштабнае ідэалагічнае мерапрыемства ў аквапарку «Лебядзіны». Ён адчыніць свае дзверы для нашых шматдзетных сем'яў. Усе квіткі выкупленыя за кошт афіцэрскіх сходаў! На пляцоўцы перад аквапаркам правядзем спартыўныя спаборніцтвы, конкурсы, пачастуем усіх салдацкай кашай», — распісаў міністр сваім падначаленым прывабныя перспектывы.