Ва Уруччы высекуць сквер пад праваслаўную царкву. Натхняліся раннехрысціянскай архітэктурай Рыма
На скрыжаванні вуліц Русіянава і Нікіфарава ў Мінску плануюць узвесці чарговы праваслаўны храм. У адрозненне ад большасці сучасных праваслаўных святыняў яго архітэктура звяртаецца не да традыцый расійскага дойлідства, а да эстэтыкі познярымскіх маўзалеяў і мартырыяў.
Храм Святой Мучаніцы Таццяны, які хочуць пабудаваць на рагу вуліц Русіянава і Нікіфарава. З матэрыялаў грамадскага абмеркавання
Архітэктурна-планіровачную канцэпцыю новага храма вынесла на абмеркаванне адміністрацыя Першамайскага раёна Мінска.
Заказчыкам выступае праваслаўны прыход храма Святой Мучаніцы Таццяны. У 2022 годзе прыход ужо спрабаваў узвесці храм у гэтым жа раёне, але на іншым участку — па вуліцы Шугаева — і ў іншым выглядзе. Тады праект больш нагадваў класічныя раннехрысціянскія базілікі IV—VI стагоддзяў з характэрным порцікам перад галоўным фасадам.
Храм Святой Мучаніцы Таццяны, які хочуць пабудаваць на рагу вуліц Русіянава і Нікіфарава. З матэрыялаў грамадскага абмеркавання
Храм Святой Мучаніцы Таццяны, які хочуць пабудаваць на рагу вуліц Русіянава і Нікіфарава. З матэрыялаў грамадскага абмеркавання
Новым месцам стаў невялікі сквер на рагу вуліц Русіянава і Нікіфарава — побач з жылымі дамамі і паліклінікай. Як і ў мінулым варыянце, архітэктарам выступіў Віталь Арабей, які працягвае пераймаць узоры раннехрысціянскай архітэктуры.
Паводле плана, храм у Уруччы будзе мець вышыню 16 метраў, даўжыню 22,5 і шырыню 18,6 метра. Ён разлічаны на 210 чалавек і ўключае малітоўную залу, алтар, хоры, рызніцу і дзіцячую пляцоўку на прылеглай тэрыторыі.
Рымскія алюзіі
Латэранскі баптыстэрый у Рыме. Фота: Wikimedia Commons
Архітэктура праектаванага храма заснавана на традыцыях рымскага дойлідства першых стагоддзяў нашай эры, што, паводле тэксту праекта, адпавядае часу і месцу жыцця святой мучаніцы Таццяны. Асноўную ролю пры выбары цэнтрычнай кампазіцыі будынка царквы адыграла архітэктура маўзалеяў і мартырыяў — збудаванняў, дзе хавалі святых, у першую чаргу мучанікаў, а таксама баптыстэрыяў, прызначаных для абраду хрышчэння.
Васьмікутнік з часоў антычнасці лічыўся найбліжэйшай да круга фігурай сярод шматкутнікаў, сімвалам дасканаласці, спакою і вечнасці.
План базілікі Сан-Вітале ў Равене. Фота: Wikimedia Commons
Базіліка Сан-Вітале ў Равене. Фота: Wikimedia Commons
Сярод архітэктурных узораў, якія натхнялі аўтараў праекта, называюцца маўзалей Дыяклетыяна ў Спліце (IV стагоддзе, цяпер Харватыя), базіліка Святога Стэфана ў Рыме (V стагоддзе), базіліка Сан-Вітале ў Равене (VI стагоддзе) і Латэранскі баптыстэрый у Рыме (IV стагоддзе). Праўда, мучаніцкая смерць Таццяны адбылася значна раней — у першай палове III стагоддзя, таму адпаведнасць архітэктуры часу і месцу жыцця святой выглядае даволі ўмоўнай.
Сквер пад знос
Калі архітэктурна гэты праект сапраўды нешта новае для Мінска і вылучаецца на фоне тыповых храмаў у псеўдарускім стылі, то вось падыход да выбару месцаў пад храмы ў РПЦ застаўся традыцыйным.
Сквер, на месцы якога можа паўстаць чарговая праваслаўная царква. Яндэкс Панарамы
Новы храм плануюць узвесці на тэрыторыі невялікага сквера, густа засаджанага дрэвамі.
Мяркуючы па характары насаджэнняў, гэтая пляцоўка выкарыстоўваўся прыкладна з 2016 года для кампенсацыйных пасадак — высадкі новых дрэў замест тых, што былі знесены пад іншыя будаўнічыя праекты ў іншых частках горада. Цяпер жа надышла чарга і гэтых дрэў, якія за дзесяць гадоў прыняліся, паспелі падрасці і сфармавалі паўнавартасную зялёную зону.
Паводле праекта, большая частка гэтых дрэў трапляе або пад сам будынак храма, або пад выбрукаваную пляцоўку вакол яго, а таксама пад дарожкі і дзіцячую пляцоўку.
Сквер, дзе плануюць паставіць царкву, на спадарожнікавым здымку
Генеральны план Храм Святой Мучаніцы Таццяны. Дрэвы абазначаны адпаведнымі значкамі. З матэрыялаў грамадскага абмеркавання
У тлумачальнай запісцы адзначаецца, што размяшчэнне храма ў пешай даступнасці станоўча паўплывае на ўзровень камфорту і экалагічны стан гэтай часткі Мінска. Пры гэтым у праекце не ўдакладняецца, якім чынам высечка большай часткі сквера можа палепшыць экалагічную сітуацыю ў раёне.
Закон і практыка
Згодна з дзеючым генеральным планам Мінска, будаўніцтва культавых збудаванняў забаронена ў ландшафтна-рэкрэацыйных зонах, да якіх належаць усе паркі і скверы. Аднак гэтая норма ні разу не стала перашкодай для будаўніцтва праваслаўных храмаў у зялёных зонах сталіцы.
Апошнія гады Руская праваслаўная царква актывізавала сваю дзейнасць у сферы храмабудаўніцтва, імкнучыся паставіць свае храмы амаль на кожным вольным кавалку зямлі ў Мінску. Паралельна адбываюцца грамадскія абмеркаванні яшчэ як мінімум двух новых храмаў — у тым ліку храма праведнага Іаана Кранштацкага па вуліцы Янкі Брыля, спраектаванага тым жа Віталём Арабеем.
Пры гэтым рэальная патрэба гараджан у новых храмах застаецца невядомай — у Беларусі адсутнічае афіцыйная статыстыка па колькасці вернікаў розных канфесій.
Грамадскае абмеркаванне праекта ва Уруччы пачалося 20 кастрычніка і працягнецца да 3 лістапада ўключна. Заўвагі і прапановы можна дасылаць у адміністрацыю раёна ў пісьмовай форме з пазнакай «грамадскія абмеркаванні».