Тром жанчынам далі калонію і велізарныя штрафы за дваровы чат. Сярод іх 62‑гадовая завуч
Марына Петражыцкая, Настасся Сікірыцкая і Настасся Гарчакова ўжо ў калоніі. Ім прысудзілі па два гады, а яшчэ далі гіганцкія штрафы — па $11500. Па звестках праваабаронцаў, жанчын вінавацілі ў стварэнні закрытага дваровага чата.
Злева направа: Марына Петражыцкая, Настасся Сікірыцкая, Настасся Гарчакова
Марыне Петражыцкай 62 гады. Па звестках «Вясны», яна ў 1984 годзе скончыла Мінскі педагагічны інстытут (цяпер — БДПУ). Пасля гэтага яна амаль 40 гадоў выкладала матэматыку. Да звальнення працавала завучам у гімназіі №34 Мінска.
У ліпені 2021 года Марыну затрымалі, правялі ператрус і зладзілі допыт у КДБ. Пасля гэтага яе кінулі на 15 сутак на Акрэсціна і звольнілі з гімназіі.
Настассі Гарчаковай 43 гады. Яна мінчанка. У жанчыны двое непаўналетніх дзяцей.
Настасся Гарчакова. Фота з яе старонкі ў фэйсбуку
У 2006 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. Але ў школе яна не затрымалася. Па звестках з яе сацсетак, Настасся нейкі час працавала ў «Макдональдсе».
Пасля яна занялася рамяством — рабіла ўпрыгожанні і цацкі сваімі рукамі на продаж. А ўрэшце стала прафесійным фатографам, спецыялізуецца на сямейнай і дзіцячай фатаграфіі.
Настассі Сікірыцкай 44 гады. Яна таксама мінчанка. Вядома пра яе менш за ўсіх — жанчына замужам, гадуе дваіх дзяцей. Настасся любіць аўтамабілі і ўсё, што з імі звязана.
Настасся Сікірыцкая. Фота з яе старонкі ў Facebook
Марыну Петражыцкую, Настассю Гарчакову і Настассю Сікірыцкую затрымалі ўвосень 2024 года.
У ліпені 2025‑га жанчынам прысудзілі па два гады калоніі і 800 базавых штрафу за «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання». 800 базавых на той момант — гэта 33 600 рублёў, ці $11500. Цяпер жанчыны ў калоніі. Калі яны дасядзяць да канца тэрміну, то выйдуць на свабоду прыкладна праз паўгода.
Па звестках «Вясны», справа ў аблаве на супольнасць удзельнікаў закрытых дваравых чатаў, якая адбылася ў мінулым годзе. Вядома пра больш за дзясятак асуджаных па трох такіх справах, усім прысудзілі пазбаўленне волі і буйныя штрафы.
Лік затрыманых тады ішоў на сотні, але дакладная колькасць абвінавачаных невядомая.
Чытайце таксама:
Вялізная хваля затрыманняў — стала зразумела, на каго гэтым разам палявалі КДБ і ГУБАЗіК
Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць