БЕЛ Ł РУС

Каб не трапіць на Акрэсціна, мінчук збег жыць у лес — вось яго гісторыя

28.10.2025 / 9:0

Вера Белацаркоўская

Экс-палітвязень Аляксандр Худзічаў адбываў хатнюю хімію. Калі за парушэнне яго прыгразілі адправіць на Акрэсціна, ён вырашыў, што ні ў якім разе не вернецца ў пякельныя ўмовы. Мінчук з’ехаў у лес і хаваўся там 20 дзён. Вось як гэта было.

Фота: архіў суразмоўцы

«Байсол» адкрыў збор, каб дапамагчы Аляксандру ўладкавацца ў замежжы — паўдзельнічаць можна тут.

«Інспектарка сказала: хоць нехта ў мяне сядзе»

Аляксандру 40 гадоў, мужчына нарадзіўся ў праблемнай сям’і. У чатыры гады ён асірацеў і трапіў у Клецкі дзіцячы дом, а падлеткам вярнуўся ў Мінск і паступіў на будаўніка ў вучэльню. 

Ужо тады ён адчуў на сабе, наколькі ў Беларусі могуць парушаць закон:

«Ад дзяржавы мне далі пакой у камунальнай кватэры, больш нічога не далі. Па логіцы мусілі даць кватэру, але потым сказалі, што ўжо позна, бо статус сіраты ў нас да 23 гадоў. Я пра гэта даведаўся ў 27 гадоў».

Аляксандр змяніў некалькі прац, пакуль не пайшоў у бляхары. Па стане на 2020‑ты ён працаваў у прыватнай фірме бляхаром і кіраўніком вытворчасці.

Яшчэ восенню 2020‑га мужчына трапіў на свае першыя суткі — далі 15 дзён арышту за фота з пратэстаў. Пасля гэтага Аляксандр і яго грамадзянская жонка заўважылі, што мясцовая апека рэзка зацікавілася ўмовамі, у якіх жыве іх сын. Мужчына кажа, што тады ўжо чуў пра выпадкі, калі ў сем’ях пратэстоўцаў дзяржава забірала дзяцей. Вырашылі, што малому з маці варта з’ехаць у Польшчу.

Аляксандр з сынам. Фота: архіў суразмоўцы

У студзені 2025‑га Аляксандра затрымалі губазікаўцы. Пасля двух з паловай месяцаў за кратамі яго асудзілі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса за тое самае фота з марша, па якім ён адбываў арышт у 2020-м. Новы прысуд — 2,5 года хатняй хіміі.

У Аляксандра адразу не склаліся адносіны з інспектаркай, якая мусіла кантраляваць тое, як ён адбываў хімію:

«Як толькі я прыйшоў ставіцца на ўлік, яна кажа: маўляў, вось, хоць нехта ў мяне сядзе, а то мне з гэтымі айцішнікамі зусім не цікава. Сказала, што ў любым выпадку я ў яе не дацягну да канца тэрміну.

Проста на хатняй хіміі цяпер шмат людзей, і я сустракаў сярод іх шмат айцішнікаў, былі менеджары, а тут я — просты грамадзянін. Не ведаю, у чым была яе цікаўнасць. Пры мне яны абмяркоўвалі іншага хіміка, які апынуўся не ў той час не ў тым месцы. Казалі, што пасадзяць яго».

«Хадзіў у вёску за чатыры кіламетры, каб мне падзарадзілі тэлефон»

Хутка парушэнні з’явіліся і ў Аляксандра. Строгія правілы для хімікаў так складзеныя, што па іх можа не хапаць часу нават на простыя побытавыя патрэбы накшталт зайсці ў краму.

Пасля першага парушэння Аляксандр правёў пяць дзён на Акрэсціна. У ліпені 2025‑га мужчыну зноў не заспелі дома ў час, калі па правілах ён мусіў там быць. Тады яму пазваніў інспектар — маўляў, прыходзь без рэчаў, паедзеш на суткі.

Аляксандр вырашыў, што на Акрэсціна ён не вернецца, бо ў мінулыя разы суткі на Акрэсціна даліся яму складаней, чым два месяцы ў СІЗА. Гаворка і пра ўмовы ўтрымання, і пра стаўленне да палітычных вязняў, поўнае знявагі — Аляксандр называе яго стаўленнем як да смяротнікаў.

СІЗА нагадала яму ўмовы, у якіх ён жыў у дзіцячым доме і камуналцы: мала асабістай прасторы, але ж да таго ён быў звыклы. А вось Акрэсціна — гэта іншае:

«Ты сядзіш і не ведаеш, які цяпер час, нічога не ведаеш. З забаваў у цябе толькі сняданак, абед і вячэра. Ноччу тры разы пад'ём, спіце па дзве гадзіны, бо месца няма на падлозе. Камера была плошчай тры квадратныя метры, то адначасова маглі спаць лежачы толькі чатыры чалавекі, а нас там было 10‑12 чалавек».

Мужчына папрасіў знаёмага, каб яго адвезлі ў лес у Віцебскай вобласці, набыў палатку, спальны мех, тушонку і кубак, з сабой ён меў таксама канцылярскі нож. Знайшоў паляну, куды не даязджалі машыны, і паставіў там палатку.

Фота: архіў суразмоўцы

Рэч была не толькі ў тым, што ён не хацеў вяртацца за краты:

«Хацеў упершыню за паўгода хоць трохі пабыць на волі, я люблю свабоду. Мне падабаецца хадзіць на возера, у паход, ездзіць на рыбалку. А тут атрымалася, што мяне ва ўсім абмежавалі, я за лета нават ні разу не пакупаўся.

Вырашыў, што калі не атрымаецца эвакуявацца, хаця б тыдзень-два адпачну, бо псіхалагічна стаміўся ад пастаяннага нагляду. А потым няхай будзе што будзе. Гэта лепш, чым жыццё, у якім ты ходзіш толькі на працу і з працы, пастаянна пад наглядам, нікуды нельга. Гадзіна на краму — і ўсё».

У лесе Аляксандр затрымаўся на 20 дзён:

«Я хадзіў у вёску недзе за чатыры кіламетры адтуль, прасіў у краме, каб мне падзарадзілі тэлефон. А так увесь час жыў у палатцы. Лавіў рыбу, збіраў грыбы. Раней я трохі хадзіў у паходы, ездзіў на рыбалку, але не было такога, каб фактычна без нічога жыць у лесе».

Дапамагаў дзетдомаўскі досвед — Аляксандр навучыўся выжываць у цяжкіх умовах, яшчэ калі быў малы. Але ўсё роўна было няпроста.

Фота: архіў суразмоўцы

«Псіхалагічна было цяжка, тым больш я ўсведамляў, што мяне можа чакаць. Быць сам-насам са сваімі думкамі — гэта не вельмі весела», — успамінае мужчына.

«Жывёлаў у лесе не баяўся, больш баяўся людзей»

Недалёка ад палаткі Аляксандра знаходзілася возера, і ён браў з яго ваду, каб было што піць. Спачатку спрабаваў кіпяціць тую ваду на вогнішчы, але пабачыў, што рабіць гэта з паўлітровым кубкам складана. Тады Аляксандр вырашыў піць сырую ваду, яна падалася яму чыстай.

Як ён лавіў рыбу?

«У мяне з сабой былі лёска, кручок і паплавок, з арэшніка я рабіў вуду. Накапаць чарвякоў ці апарышаў было складана. Але на возера часам прыязджалі людзі адпачыць, і я тады прасіў чарвякоў у іх».

А што наконт бяспекі? Хаця мужчына і збег ад сілавікоў, але ж гэта прырода, дзе можна пацярпець ад нападу жывёл ці насякомых. Аляксандр прызнаецца, што думаў пра гэта:

«Так, спачатку было страшна, бо ў пачатку года ў Віцебскай вобласці бушавалі мядзведзі. Але потым неяк звыкся. Жывёлаў я ў цэлым не баюся, змей таксама, хаця там і былі вужы.

Фота: архіў суразмоўцы

Больш баяўся людзей. Пару разоў чуў, як недалёка праязджалі машыны, дык думаў, можа, прыехалі па мяне — адсачылі па тэлефоне, які я часам уключаў».

З лесу Аляксандр звязваўся са службай эвакуацыі «Байсола». У канцы жніўня яму дапамаглі выехаць спачатку ў Літву, а потым у Польшчу, каб быць бліжэй да сына і сяброў. Цяпер мужчына ў Варшаве.

І толькі ў канцы гутаркі ён прызнаецца, наколькі цяжка насамрэч яму даліся тыя 20 дзён у лесе:

«Былі тады моманты, калі хацелася скончыць з жыццём. Была няпэўнасць з эвакуацыяй, не ведаў, што будзе далей, але ведаў, што можа мяне чакаць у беларускай зоне, таму што пастаянна чытаў навіны.

Але неяк прагнаў тыя думкі, бо ўспамінаў сяброў, дзіця. Гэтым (суіцыдам — «НН») я нікому нічога добрага не зраблю».

«Байсол» адкрыў збор, каб дапамагчы Аляксандру ўладкавацца ў замежжы — паўдзельнічаць можна тут.

Чытайце таксама:

«Калі ўжо сюды прыляціць украінская ракета!» Вызвалены журналіст Яўген Меркіс расказаў пра шклоўскую калонію

«У Віцебску заходзіў у тралейбус і казаў «Слава Украіне!». Украінца ў 67 гадоў пасадзілі за каменты, напісаныя пасля гібелі хроснай дачкі пад абстрэлам у Кіеве

Дзмітрый «Шэры кот» Казлоў — пра тое, як стаў палітычным блогерам і за гэта аказаўся за кратамі. А цяпер будуе новае жыццё ў выгнанні

Каментары да артыкула