Грамадства22

Дзмітрый «Шэры кот» Казлоў — пра тое, як стаў палітычным блогерам і за гэта аказаўся за кратамі. А цяпер будуе новае жыццё ў выгнанні

Блогер Дзмітрый Казлоў, таксама вядомы як «Шэры кот», правёў за кратамі больш за пяць гадоў. І калі іншыя палітвязні збольшага трываюць на дапамозе блізкіх сваякоў, хлопец такой магчымасці не меў — ён сірата. Вось яго гісторыя пра тое, як ад разборкі ноўтбукаў вырасці да палітычнага блогера і як спраўляцца ў турме, калі ты — сірата.

Фота: spring96.org

«Калі ў цябе ёсць грошы, цябе дастануць»

Дзмітрый расказвае, што яго ютуб-канал з’явіўся яшчэ ў канцы 2010‑га года. Праўда, пачынаўся ён зусім не з палітыкі і грамадскіх спраў:

«Я тады паглядзеў, што неяк малавата кантэнту па разборах ноўтбукаў, і вырашыў зняць такое відэа, каб было карысна. Вядома, якасць здымкаў тады была вельмі дрэнная, інтэрнэт яшчэ быў прымітыўны, таму і камера была не найлепшая.

Далей збольшага выкарыстоўваў канал для прагляду відэа. А недзе ў 2016‑м я зацікавіўся электронікай і зняў відэа пра тое, як рабіць святлодыёдны куб». 

У 2015‑м выйшаў дэкрэт аб дармаедах. Дзмітрый адчуў, як гэтая тэма ўсхвалявала грамадства, тым больш што ён і сам тады фармальна падпадаў пад дзеянне дэкрэта. Хлопец зарабляў капірайтынгам і цікавіўся крыптавалютамі.

На той час, кажа Дзмітрый, ён нічога не разумеў у беларускай палітыцы:

«Толькі ведаў, што [беларуская] апазіцыя існуе, а так не ведаў ні людзей, ні структуры. Чуў нейкія імёны накшталт Мілінкевіча, Статкевіча. Ды і не было нейкага даверу да іх, як і да ўлады.

А тут выйшаў дэкрэт аб дармаедах. Я зразумеў, што ў гэтай краіне кім бы ты ні быў і чым бы ні займаўся, сістэме патрэбныя рэсурсы, і яна іх зжырае. Спачатку яны зжэрлі буйны бізнэс, потым пайшлі па сярэдні і дробны. Потым дайшлі і да працоўных, і да беспрацоўных. Дабяруцца да ўсіх — калі ў цябе ёсць грошы, цябе дастануць».

Дзмітрыю было цяжка змірыцца з тым, што беларусы не паўсталі масава супраць дэкрэта аб дармаедах. Ён успамінае, як пачаў чытаць розныя форумы, каб зразумець, як можна супрацьстаяць дэкрэту, і там знайшоў шмат беларусаў-аднадумцаў. Потым пачаліся пратэсты супраць дэкрэта — хлопец паўдзельнічаў і ў іх.

Дзмітрый да зняволення. Фота: сацыяльныя сеткі

Праз сітуацыю з дэкрэтам, кажа Дзмітрый, ён пачаў асэнсоўваць, хто насамрэч на баку беларускага народа, а хто — супраць:

«Розныя дзяржаўныя структуры, прафсаюзы і інстанцыі, якія мусяць за гэтым назіраць, неяк рэгуляваць — яны належаць той жа структуры, якая і карае. То-бок я зразумеў, што такое зло — гэта наша дзяржава.

А далей пачаў вывучаць асоб. Ёсць апазіцыя, яны нібыта на нашым баку. Але там заўжды, не толькі цяпер, існаваў раскол: усе абвінавачваюць адно аднаго ў няўдачах, называюць адно аднаго агентамі. Важна было зразумець самому і расказаць людзям, хто ёсць хто, таму што кожная арганізацыя спрабуе выкарыстаць падзеі навокал на сваю карысць».

Так Дзмітрый вызначаў, пра што ён будзе расказваць на сваім канале. Але час ішоў, і з’яўляліся новыя праблемы. У верасні 2018‑га яго ўпершыню затрымалі ўлады, і хлопцу стала зразумела, што яго дзейнасць робіць яго ўразлівым — трэба думаць, дзе знайсці юрыдычную падтрымку. 

У 2019‑м хлопец вырашыў паўдзельнічаць у парламенцкай кампаніі, але яго знялі з выбараў за заклік «Фальшывым выбарам баста». На той час 31‑гадовы Зміцер балатаваўся як кандыдат ад кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і быў вылучаны партыяй БНФ. Ён успамінае — маўляў, каб трапіць на выбары, трэба было ісці па партыйных спісах.

Тады хлопец адчуў, што з чалавека за камерай ён ператвараецца ў публічную асобу:

«Да мяне пачалі звяртацца людзі, прасілі інтэрв’ю, падзяліцца меркаваннем, пачалі пазнаваць. Усё стала больш складана і ў выніку прыйшло туды, дзе мы цяпер знаходзімся. 

Чым ты больш робіш, тым больш прыцягваеш увагу ўладаў. Да парламенцкай кампаніі ўлады мяне не чапалі, а потым пачаліся штрафы, суткі».

«У Беларусі законы маюць рэкамендацыйны характар»

Дзмітрый прыняў удзел у пратэстах супраць інтэграцыі з Расіяй, што адбываліся ў снежні 2019‑га года. 

«Спачатку гэтыя пратэсты здаваліся неперспектыўнымі, іх экспромтам анансавалі — маўляў, давайце збярэмся. Паша Севярынец казаў, што прыйдзе 100 чалавек і гэта будзе ганьба, не трэба нічога ладзіць. А па факце ў першы ж раз прыйшло чалавек 400», — успамінае Казлоў.

Пасля 20 снежня, кажа Дзмітрый, пачалі затрымліваць арганізатараў пратэстаў, у тым ліку і Севярынца. 25 снежня затрымалі і самога Дзмітрыя. Па адміністратыўках яму тады прысудзілі ў суме 120 сутак арышту, з якіх хлопец адбыў 26 дзён.

Яму паведамілі, што ў ізалятары інфекцыя і трэба зладзіць дэзынфекцыю, таму ён мусіць ісці дахаты — трэба толькі напісаць распіску, што ён вернецца даседжваць суткі па першым патрабаванні. Цікавая дэталь — з нагоды «інфекцыі» дахаты адпусцілі толькі яго.

Той арышт блогер называе «рэпетыцыяй»:

«Пасля гэтага ў мяне з’явіўся любімы выраз — маўляў, у Беларусі законы маюць рэкамендацыйны характар. Можна чалавека пасадзіць ні за што, а можна ўзяць і проста так яго выпусціць. 

Ёсць шмат кодэксаў і працэдур, як ты павінен сядзець. Калі ёсць крымінальны артыкул, ты, [каб цябе выпусцілі,] мусіш папрасіць пра памілаванне або падпісаць паперы. А нас, калі казаць пра цяпер, проста выдварылі».

Пасля сутак Дзмітрый уключыўся ў актывізм, тым больш пачалася прэзідэнцкая кампанія. Не забываўся і на блог. Бачыў, як палітычныя тэмы робяцца больш цікавымі людзям: калі ў пачатку 2020‑га канал меў каля 3500 падпісчыкаў, у красавіку іх было ўжо каля 10 тысяч, а пазней зрабілася яшчэ болей.

Вясной 2020‑га Дзмітрый зладзіў стрым з акцыі ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага, і за гэта атрымаў яшчэ адзін адміністратыўны пратакол у дадатак да неадбытых сутак. А ў пачатку чэрвеня, калі хлопец начаваў у мінскім офісе «Еўрапейскай Беларусі», той офіс ранкам атачылі бусы з сілавікамі.

Тыдзень пасля гэтага Дзмітрый хаваўся, а 10 чэрвеня яго затрымалі:

«Я здагадваўся, што бліжэй да выбараў будуць інцыдэнты з сілавікамі, але не думаў, што так хутка. Таму не прыняў належныя меры перасцярогі. 

З іншага боку, цяпер разумею, што ў мяне проста не было шансаў: калі з цягам часу пачалі затрымліваць людзей, якія ўвогуле нічога не рабілі, то мяне б некалі дакладна затрымалі».

У маі 2021‑га Дзмітрыю прысудзілі пяць гадоў зняволення па арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Пазней дадалі яшчэ год па арт. 411 (злоснае нападпарадкаванне адміністрацыі калоніі).

Большую частку тэрміна ён адбываў у бабруйскай ПК-2, а ў 2025‑м быў пераведзены ў мазырскую ПК-20.

«Разумеў, што гэта рана ці позна скончыцца»

Для кожнага вязня за кратамі важная падтрымка з волі, і гэта не толькі лісты, але і пасылкі, перадачы, кароткія і доўгія спатканні. Звычайна гэтым займаюцца блізкія сваякі вязняў, тым больш што, калі чалавек у калоніі, толькі сваякам і дазволена ўдзельнічаць у тых працэсах. 

Бабруйская ПК-2. Фота: komkur.info

Але Дзмітрый — сірата. Як ён спраўляўся за кратамі?

«У мяне ўвогуле была вялікая падтрымка, шмат хто дапамагаў – і знаёмыя людзі, і незнаёмыя. Пакуль я быў у СІЗА, праблем з дапамогай увогуле не было, а потым, [у калоніі,] гэта зрабілася немагчымым. Тады я напісаў заяву на тое, каб атрымліваць сродкі ад несваяка, і ў калоніі яе задаволілі.

А ўжо ў 2024-м, калі мяне раскручвалі па 411‑м артыкуле, я зноў напісаў заяву, бо грошы сканчваліся. Але яе нават не сталі разглядаць — маўляў, тады быў 2021-ы, а цяпер 2024-ы, прабачце».

З іншага боку, Дзмітрый пабачыў у сваім становішчы пэўныя плюсы:

«Бачыў, як людзі атрымлівалі спатканні і перажывалі пра сустрэчы з роднымі. Мне казалі, што мне ў гэтым плане лёгка, бо ў мяне нікога няма. А іншыя людзі казалі, як хвалююцца за сваіх блізкіх, за тое, каб і іх не пасадзілі, за грошы, якія выдаткоўваюць тыя людзі.

Так, мы пакутуем. Але сваякі, якія звонку, пакутуюць не менш, а часам нават больш, чым палітвязні».

Дзмітрый успамінае, што з першых месяцаў 2022‑га палітвязням больш не перадаюць лісты ад несваякоў. Разам з тым, што хлопец не меў спатканняў і званкоў, гэта спрыяла таму, што ён адчуваў сябе абмежаваным у інфармацыі.

Хлопец разважае — яму дапамагала тое, што ён меў досвед зняволення праз свае суткі ў канцы 2019-га. Дзмітрый згадвае словы Міколы Статкевіча пра тое, што смеласць — гэта нібыта мускул, можна яе развіваць, і пагаджаецца з імі.

Яшчэ дапамагала падтрымка людзей. І вера ў Бога:

«Я разумеў, што гэта рана ці позна скончыцца і трэба вытрываць. І галоўнае, калі ты ўжо пайшоў гэтым шляхам, трэба ісці да канца. 

Некаторыя людзі, хто ішоў у палітыку і пратэсты дзеля хайпу і грошай, хто не мае стрыжня, вельмі хутка зламаліся. Яны чакалі для сябе нейкіх бонусаў, а калі з’явілася перспектыва турэмных тэрмінаў, адразу пераабуліся, бо ішлі не па гэта. У іх няма ідэй, там чыста грошы. Яны хутка адваліліся, а засталіся тыя, у каго ўнутраны стрыжань і перакананні».

«Мы спадзяваліся выйсці раней, бо надзея дапамагае»

Пра тое, што палітвязняў выпускаюць на свабоду ў замежжа, Дзмітрый ведаў загадзя. Чуў у дзяржаўных навінах гісторыю Сяргея Ціханоўскага, а таксама ў калоніі гутарыў з Ігарам Карнеем — журналіст «Радыё Свабода» яшчэ зімой 2025‑га сустракаўся з амерыканскімі дыпламатамі, дзе даведаўся пра перамовы па такіх вызваленнях.

Фота: сацсеткі

У выніку Дзмітрый апынуўся на волі 11 верасня 2025‑га разам з яшчэ 36 беларускімі палітвязнямі, вывезенымі ў Літву. Хлопец адседзеў амаль увесь тэрмін — той мусіў скончыцца ў снежні.

Дзмітрый успамінае, як беларусы прагназавалі, што ён і іншыя палітвязні не адседзяць свой тэрмін:

«Вы не ўяўляеце, колькі ўсяго дасылалі: і гараскопы, і прадказанні таролагаў, і астролагаў. Казалі, у жніўні 2021‑га ўсе будуць дома, вы дакладна не адсядзіце свой тэрмін. А па факце я не толькі адседзеў той тэрмін, а дадалі яшчэ год — і я практычна адседзеў і яго.

Хаця мы спадзяваліся [выйсці раней], бо надзея дапамагае. Калі яна не спраўджваецца, бывае цяжка, трэба шукаць новую мэту. Але калі ты ўмееш з гэтым працаваць, гэта можна трываць».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Удакладненне
    18.09.2025
    Хлопец адседзеў амаль увесь тэрмін — той мусіў скончыцца ў снежні/
    Журналісты, навошта перакручваць факты?

    Зміцер адседзеў цалкам увесь тэрмін і плюс адседзеў амаль цалкам яшчэ адзін, які яму накінулі ў 2024 годзе.

    Яшчэ раз: Шэры Кот поўнасцю адседзеў тэрмін, які яму прысудзілі ў 2020м годзе.

    А з вашай недакладнай інфармацыі некаторыя могуць зрабіць няправільны вавад. Маўляў, трохі дадсядзеў бы ў выйшаў без дэпартацыі. Не. Мог і не выйсці. Таму што ўжо аднойчы адсядзеў увесь тэрмін цалакам і не выпусцілі.
  • Orshavin
    18.09.2025
    Как можно поддержать земляка?

Цяпер чытаюць

Сікорскі: Мяжу з Беларуссю адкрыем, калі Кітай нам дапаможа40

Сікорскі: Мяжу з Беларуссю адкрыем, калі Кітай нам дапаможа

Усе навіны →
Усе навіны

«Забралі яго. Не кінеш жа, усё ж такі наш чалавек». Лукашэнка выказаўся пра Статкевіча27

Галоўны ідэолаг расказаў, як прапагандыстам давядзецца працаваць пасля сустрэчы з Лукашэнкам12

Ці можна везці з ЕС у Беларусь больш за 60 еўра наяўнымі? Адказалі ў мытні Літвы10

Капусту можна купіць па 49 капеек і бульбу па 69. Дзе?1

170 «выйшлі», 283 «зайшлі». Праваабаронцы параўналі колькасць памілаваных і зняволеных палітвязняў14

На складзе Wildberries пад Мінскам збіраюцца шматгадзінныя чэргі3

З аўкцыёну прадаюць раскошны гатэльны комплекс на Бярэзіне

МЗС пагражае «мерамі, прадугледжанымі законам» польскім фурам, якія завіслі ў Беларусі16

Лукашэнка пра будучага прэзідэнта: Я перабіраю многія асобы і бачу — ну немагчыма будзе гэта пацягнуць63

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сікорскі: Мяжу з Беларуссю адкрыем, калі Кітай нам дапаможа40

Сікорскі: Мяжу з Беларуссю адкрыем, калі Кітай нам дапаможа

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць