Нятаннае паліто беларускага брэнду сапсавалася за 20 хвілін праз вільготнасць на вуліцы
Непрыемную гісторыю пра вопратку ад небюджэтнага беларускага брэнда распавяла ў Трэдсе блогерка Крысціна Джунько.
Крысціна Джунько. Тут і далей скрыншоты яе Трэдс
Стваральніца інстаграм-блога «Тяжёлый Маркс», які прысвечаны свецкаму жыццю беларускай сталіцы, набыла паліто на восень (наколькі вядома, гаворка ідзе пра беларускі брэнд The Inka — у яго звычайна паліто каштуюць каля 1000 рублёў).
Крысціна купіла верхнюю вопратку ў We are (гэта крама, дзе прадаюцца лакальныя брэнды). На жаль, паліто хутка сапсавалася: на ім з’явіліся дзіўныя хвалі. Блогерка адправілася ў гэтую ж краму па другое паліто таго ж брэнду — бо мадэль ёй вельмі спадабалася. Але яго напаткаў такі ж лёс.
Высветлілася, што праблема ў дублерыне — гэта падкладачная тканіна, якую выкарыстоўваюць для ўмацавання і надання формы дэталям адзення. Яе асноўная задача — зрабіць выраб больш устойлівым да дэфармацыі і не даць тканіне расцягнуцца.
Чаму ж паліто дэфармавалася? Найбольш папулярных прычын такой праблемы дзве: ці то дублерын няправільна прыклеілі да тканіны, ці паліто няправільна пачысцілі ў хімчыстцы (ці дома).
Але ж Крысціна сцвярджае, што другое паліто яна паспела панасіць усяго 20 хвілін на вуліцы. Блогерка звязалася з уладальніцай брэнда. Тая адказала, што, імаверна, прычына ў тым, што паліто трапіла пад дождж. Яна параіла блогерцы браць з сабой парасон: «Не прыдумалі дублерын, які пры моцным намаканні не адслойваецца» — і дадала, што шэрсць страчвае свае ўласцівасці пры намаканні.
Крысціна ж кажа, што дажджу не было, была толькі вільготнасць.
У выніку блогерка ўсё ж змагла вярнуць паліто ў краму і забраць свае грошы. У каментарыях людзі здзіўляліся таму, што беларускі брэнд шые паліто, якія нельга насіць у дождж — бо ўсё ж восень у Беларусі амаль не бывае сухой.
Каля 450 лайкаў набраў каментарый: «Выбачаюся, а навошта патрэбна паліто, якое нельга насіць, калі на вуліцы вільготна? Гэта як пухавік, на які не павінен падаць снег».
Чытайце таксама:
Уладальніца беларускага брэнду жаночага адзення Moshe здзівілася шалёным цэнам канкурэнтаў
Беларускі брэнд прадае чэпчыкі і пінжакі з пупырыстага поліэтылену
Чаму адзенне беларускіх модных брэндаў каштуе так дорага? Тлумачыць кіраўніца аднаго з іх