Нечакана. Унутры гандлёвага цэнтра ў Мінску адкрыецца праваслаўны храм
У гандлёвым цэнтры Outleto на праспекце Жукава адкрыюць праваслаўны храм. На будынку ўжо відаць пазалочаны купал з крыжам, піша Onliner.
Царква размесціцца на ўзроўні пятага паверха — патрапіць у яе можна будзе з офіснай часткі ГЦ.
Як распавялі прадстаўнікі Outleto, будаўніцтва пачалося прыкладна два месяцы таму. Цяпер вядуцца аддзелачныя работы. Скончыць узвядзенне храма плануюць увесну. Як растлумачылі ў ГЦ, працэс гэты даволі працаёмкі, бо ўключае і мастацкую частку — роспіс храма, стварэнне ікон — гэта патрабуе шмат часу.
Ініцыятыва належыць галоўнаму акцыянеру комплексу і ўзгоднена з епархіяльнымі структурамі.
— Усе афіцыйныя дазволы атрыманы, а месца асвечана, — запэўнілі ў Outleto.
Афіцыйнай назвы ў храма пакуль няма. У Мінску не так шмат рэлігійных прастораў унутры камерцыйных комплексаў. Адзін з прыкладаў — храм у гонар Святога Іаана Кранштацкага, які функцыянуе ў офісным будынку на вуліцы Сапёраў, 5.