Літва праінфармавала прадстаўніка беларускай амбасады пра закрыццё мяжы «да далейшага паведамлення»
Сітуацыю з паветранымі шарамі Літва назвала «гібрыднай атакай».
Беларуская амбасада ў Вільні
МЗС Літвы выклікала да сябе прадстаўніка беларускай амбасады і заявіла яму рашучы пратэст у сувязі з парушэннямі паветранай прасторы Літвы.
«Наўмысную бяздзейнасць» дзяржаўных органаў Беларусі Літва расцэньвае як «гібрыдную атаку».
Літоўскае міністэрства таксама праінфармавала прадстаўніка Беларусі аб тым, што Літва закрывае дзяржаўную мяжу з краінай да далейшага паведамлення.
Раней часовага паверанага ў справах Літвы Эрыкаса Вілканецаса выклікалі ў беларускі МЗС, яму ўручылі ноту ў сувяззю з закрыццём мяжы з боку Літоўскай Рэспублікі без папярэджання.
Сёння ўрад Літвы прыняў рашэнне пра закрыццё мяжы з Беларуссю мінімум да серады. Пасля пасяджэння ўрада стане вядома пра далейшае развіццё сітуацыі. Літоўскі бок гатовы да доўгатэрміновага закрыцця мяжы.
«Мы ўжо падрыхтавалі рашэнне аб закрыцці мяжы з Беларуссю на неакрэслены тэрмін», — заявіла прэм'ер-міністр Інга Ругінене.
Памежны пераход «Салечнікі» (з беларускага боку «Беняконі») цалкам закрыты, а праз «Меднікі» («Каменны Лог») могуць ехаць некаторыя катэгорыі асоб.
Вечарам 26 кастрычніка чарговы раз была спынена праца Віленскага аэрапорта. Гэта ўжо трэці вечар запар, калі з-за вялікай колькасці кантрабандысцкіх шароў з боку Беларусі спыняліся палёты і закрываліся памежныя пункты пропуску. Агулам у кастрычніку было сарвана больш за 170 рэйсаў у літоўскіх аэрапортах, пацярпелі 27 000 пасажыраў.