Колькасць працоўных мігрантаў вырасла ў Беларусі ў паўтара раза. Расце і злачыннасць сярод замежнікаў
Першы намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрый Назаранка заявіў пра павелічэнне міграцыйных патокаў у Беларусь.
За 9 месяцаў 2025 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года колькасць замежнікаў, якія прыязджаюць у Беларусь на працу, павялічылася ў паўтара раза — з 21 тысячы да 32 тысяч чалавек.
На фоне прытоку замежнікаў у краіну адзначаецца павелічэнне на 17% улічаных злачынстваў, учыненых замежнымі грамадзянамі. Іх удзельная вага ў агульнай структуры злачыннасці ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года троху павялічылася і склала 3,4%.
Колькасць беларускіх грамадзян, якія выязджаюць пры садзейнічанні юрыдычных асоб і ІП для працаўладкавання за мяжу, скарацілася з 3 тысяч да 2 тысяч чалавек. Але рэальны лік такіх беларусаў большы, чым паказвае афіцыйная статыстыка.