БЕЛ Ł РУС

Мінадукацыі хоча ў разы павялічыць колькасць афрыканскіх студэнтаў у беларускіх ВНУ

30.10.2025 / 19:39

Nashaniva.com

Міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец заявіў пра планы значна павялічыць колькасць студэнтаў з афрыканскіх краін у беларускіх ВНУ. На сённяшні дзень іх налічваецца не больш за 2,6 тысячы чалавек, а нарасціць колькасць хочуць «кратна».

Фота: СТБ

Іванец адзначыў, што афрыканскі кантынент сёння з’яўляецца адным з такіх, якія найбольш дынамічна развіваюцца, таму спецыялісты з вышэйшай адукацыяй там вельмі запатрабаваныя. У беларускіх універсітэтах студэнтаў з Афрыкі рыхтуюць на інжынераў, спецыялістаў у сельскай гаспадарцы, медыкаў і адмыслоўцаў у іншых прафесіях.

Для павелічэння колькасці афрыканскіх студэнтаў плануецца перайсці да сістэмнага экспарту адукацыйных паслуг. Калі цяпер замежныя студэнты паступаюць пераважна па індывідуальных заяўках, у будучыні чакаецца заключэнне двухбаковых дамоў паміж універсітэтамі Беларусі і асобных афрыканскіх краін. Гэта павінна спрасціць працэдуру паступлення і павялічыць колькасць ахвотных вучыцца ў Беларусі.

Як прыклад паспяховага супрацоўніцтва Андрэй Іванец прывёў Зімбабвэ, адкуль Беларусь не толькі прыцягвае новых студэнтаў, але і ладзіць актыўныя стажыроўкі прафесарска-выкладчыцкага складу. 

«Тыя выкладчыкі, якія будуць на сістэмнай аснове праходзіць стажыроўкі ў нашых універсітэтах, будуць фактычнымі праваднікамі нашай адукацыі на гэты кантынент», — заявіў міністр.

Чытайце таксама:

У Беларусі зноў загаварылі пра бліскучыя перспектывы на афрыканскім рынку

«Работнікаў з Афрыкі адпраўляюць на кухню». Чым займаюцца працоўныя мігранты ў Беларусі і адкуль едуць?

Цемнаскуры студэнт у Мінску паскардзіўся Лукашэнку на дарагую кока-колу. Ужо выбачаўся, але міліцыя ім зацікавілася

«Я не хачу праблем, у мяне ўсё добра, я люблю Беларусь». Студэнт з Конга, які скардзіўся Лукашэнку на цэны, пабываў у міліцыі

Каментары да артыкула