Эканоміка1919

«Работнікаў з Афрыкі адпраўляюць на кухню». Чым займаюцца працоўныя мігранты ў Беларусі і адкуль едуць?

Пасля таго, як у Беларусі спрасцілі правілы для працаўладкавання замежнікаў, іх колькасць прыкметна вырасла. Замежнікі ўсё часцей сустракаюцца сярод прадаўцоў, касіраў і таксістаў.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Попыт на працу ў Беларусі расце

На фоне дэфіцыту кадраў на працягу апошніх двух гадоў у Беларусі значна спрасцілі ўмовы працаўладкавання замежнікаў.

Так, цяпер не трэба атрымліваць спецыяльны дазвол, каб наняць больш за 10 замежнікаў. Таксама наймальнікам не патрэбны асобны дакумент для прыцягнення замежнікаў па пэўных прафесіях. Грамадзяне краін ЕАЭС і іх сем’і могуць працаваць у Беларусі без спецдазволаў і атрымліваць дазвол на часовае жыхарства на тэрмін больш за год.

За першыя паўгода 2025‑га ў Беларусь афіцыйна прыехала працаваць больш за 21 тысяча замежнікаў. Для параўнання: за ўвесь 2024 год — 34 тысячы, а за 2023 — 13 тысяч.

Насуперак размовам пра намер запрасіць на працу ў Беларусь 150 тысяч пакістанцаў, людзей з гэтай далёкай краіны да нас едзе не шмат. Па стане на май гэтага года ў Беларусі працавала ўсяго каля 200 пакістанцаў. 

З улікам таго, што ад нядаўняга часу замежнікам (апроч грамадзян краін ЕАЭС) для працаўладкавання на шэраг пазіцый трэба здаць іспыт на валоданне рускай або беларускай мовай, чакаць наплыву працоўных з Пакістана адназначна не варта.

З 21 259 замежнікаў, якія прыехалі ў Беларусь за першае паўгоддзе 2025-га, амаль палову складаюць грамадзяне Туркменістана — 10 050 чалавек. На другім месцы грамадзяне Расіі — 2124, на трэцім — Украіны (1864). Далей ідуць работнікі з Кітая — 1831 чалавек. Замыкаюць топ-5 грамадзяне Узбекістана — 1804 чалавекі. На ўсе іншыя краіны прыпадае 3586 чалавек.

Таксісты з Сярэдняй Азіі

Сярод працоўных мігрантаў з краін Сярэдняй Азіі нямала таксістаў. Іх шукаюць у тым ліку праз сацыяльныя сеткі. Напрыклад, можна патрапіць на акаўнт у тыктоку, які вядзецца на туркменскай і дзе рэкламуецца праца ў таксі.

Скрыншот: projektor_minsk / TikTok

У каментарах людзі задаюць пытанні пра заробак. У адказах можна ўбачыць лічбы ад 700 да 1000 даляраў, што супадае з сумамі, якія называюць беларускія кіроўцы (па словах чалавека, які некалькі месяцаў таму ўладкаваўся ў таксі на арэндным аўто, за месяц ён атрымлівае на рукі ад 2600 да 3000 рублёў).

Адзін з каментатараў адказаў, што, каб зарабіць тую тысячу, трэба працаваць па 12 гадзін. На што яму адказалі, што ў любой краіне так.

Часцей за ўсё на заробкі едуць у Мінск, паколькі заробкі ў сталіцы больш высокія, але працоўных мігрантаў з краін Сярэдняй Азіі хапае і ў рэгіёнах. У асноўным у абласных цэнтрах.

Сярод прафесій, што навідавоку, замежнікаў можна нярэдка ўбачыць у сферы гандлю.

Узбекі на касе, афрыканцы на кухні

Прадавачка, разам з якой у краме працуе адразу некалькі туркменаў і ўзбекаў, адзначае, што на касу ў іх часцей бяруць людзей з Узбекістана, бо яны звычайна лепш за туркменаў валодаюць рускай мовай.

У некаторых крамах іх сеткі ёсць работнікі з афрыканскіх краін, праўда, працуюць яны на кухні, а не ў гандлёвай зале, таму для шэраговых наведвальнікаў крам яны не заўважныя.

Кім яшчэ працуюць замежнікі

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, з 21 тысячы працоўных мігрантаў 4319 — гэта работнікі сферы абслугоўвання, гандлю і іншых роднасных відаў дзейнасці.

7240 чалавек — кваліфікаваныя рабочыя прамысловасці, будаўніцтва і падобных заняткаў.

Яшчэ 3796 мігрантаў уладкаваліся зборшчыкамі вырабаў, аператарамі, апаратчыкамі, машыністамі і іншымі рабочымі, занятымі кіраваннем, эксплуатацыяй і абслугоўваннем установак і машын.

Галоўнае — валодаць рускай

Вакансій, куды гатовыя браць замежнікаў, хапае. Так, напрыклад, будаўнічы гіпермаркет «ОМА» шукае кладаўшчыкоў-камплектоўшчыкаў для працы ў пасёлку Прывольны. Рабочым абяцаюць ад 2500 рублёў. 

Скрыншот: belmeta.com

«Вакансія даступная для замежнікаў з веданнем рускай мовы», — пазначана ў апісанні. 

Замежнікаў, якія валодаюць рускай або беларускай мовай, гатовыя браць у тым ліку касірамі ў закусачную. Абяцаюць гнуткі графік і зарплату 1250‑1700 рублёў.

Скрыншот: belmeta.com

Верагодна, пад замежнікамі ў такім выпадку маюцца на ўвазе студэнты, якія гатовыя падпрацоўваць, паколькі ехаць на заробкі ў Беларусь за $400—550 на месяц сэнсу няма.

Натуральна, што для большасці прац трэба валодаць мясцовай мовай.

Сярод туркменаў, дарэчы, таксама набірае папулярнасць казахстанскі кірунак, паколькі ім стала складаней атрымліваць візу ў Турцыю, дзе традыцыйна пражывае шмат туркменаў. Казахстан, у сваю чаргу, з'яўляецца самай багатай краінай у рэгіёне, таму на заробкі туды цяпер едуць не толькі з самага беднага Туркменістана, але і з Узбекістана. А туркмены, адпаведна, едуць на працу ў тым ліку ва Узбекістан.

У Мінск замест Масквы

Беларускі таксіст, які працуе на ўласным аўто і цікавіўся ў замежнікаў, чаму яны едуць да нас, кажа, што тут склалася адразу некалькі фактараў.

Па-першае, калі не ленавацца, то ў таксі нават на арэндным аўто можна мець пад $1000 у месяц. Па-другое, у Беларусі спрасцілі ўмовы працаўладкавання для замежнікаў.

Яшчэ адзін фактар, які суразмоўцу агучвалі таксісты з Узбекістана і Туркменістана, — гэта пагаршэнне стаўлення да азіятаў у Расіі пасля тэракту ў «Крокус Сіці Хол». Маўляў, агрэсіі стала больш, таму некаторыя і вырашылі перабрацца на працу ў Беларусь, хоць мінскія заробкі ніжэйшыя за маскоўскія.

Колькі мігранты трацяць на жытло?

Калі размова ідзе не пра нейкае дзяржаўнае прадпрыемства або калгас, дзе работнікаў забяспечваюць жыллём, большасць прыезджых здымаюць сабе ложка-месцы.

У Мінску цэны стартуюць ад $115 з чалавека на месяц плюс камунальныя выдаткі. Ложка-месцы для рабочых здаюць як у кватэрах, так і ў катэджах, якія месцяцца ў самім горадзе або непадалёк ад МКАД.

Скрыншот: realt.by

Некаторыя, праўда, гатовыя здаваць ложка-месцы толькі беларусам, пра што ўказваюць у апісанні.

За 15 рублёў на суткі ($150 на месяц) прапануюць ложка-месцы ў катэджы ў Мінску, разлічаным на пражыванне 30 чалавек. У гэтую суму ўваходзяць камунальныя паслугі, змена бялізны двойчы на месяц, бытавая хімія для кухні і гігіенічныя сродкі.

Але ёсць і таннейшыя прапановы: напрыклад, у Калодзішчах здаюць ложка-месцы ўсяго па $70 з чалавека.

Каментары19

  • бабруйчанін
    21.10.2025
    Вось Вам " аптымізацыя эфэктыўнасці"
    Цытата " замест 100 беларусаў танней 140 кітайцэў туркмен" ад бізЬніСьменаў з былой саўдэпіі рБеларусь і у рф яшчэ горш в Украіне ..
    В Польшче Германіі Штатах..паўсюль эмігрант без праў
    Сваім плаціть навошта ? бюлюцені дэкрэтныя водпуск гэта ўсе " левацкія забабоны прыдумкі"
    Левакі увогуле разпаясалісь нейкая пенсія ..
  • Доку Умаров
    21.10.2025
    The Great Replacement
  • Колхозные раситы, фас!
    21.10.2025
    Скоро этих мячтателей про Эуропу на треть заменят, еще треть за бугор сдрыстнет.

Цяпер чытаюць

Чаму паліграф — не панацэя. Колькі агентаў ён бы выявіў у Каардынацыйнай радзе?18

Чаму паліграф — не панацэя. Колькі агентаў ён бы выявіў у Каардынацыйнай радзе?

Усе навіны →
Усе навіны

Мельнікава двойчы была на паліграфе. Першы раз расплакалася і ўцякла20

Польская пракуратура шукае беларуса, якога абвінавачваюць у забойстве полькі4

Некаторых мужчын у Беларусі запрашаюць здаць адбіткі пальцаў. Навошта?6

Лукашэнку «стала кепска», калі ён даведаўся, «чым дыхае народ»23

«Абарончы джыхад захоплівае Татарстан». Некалі ліберальная журналістка Латыніна паразважала, якой была б Расія без Пуціна85

На Камароўскім рынку прадаюць грыбы па 450 рублёў. За што такая цана?3

Лукашэнка пра чыноўнікаў: Пабудзе недзе ў месцах не так аддаленых — залаты чалавек21

Пасля таго, як Літва адмовіла Ціханоўскай у ахове за мяжой, яе візіт у Арменію прыйшлося адмяніць20

У Расіі спрабуюць адрадзіць «Волгу». Нехта засняў новую мадэль — гэта копія Geely11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму паліграф — не панацэя. Колькі агентаў ён бы выявіў у Каардынацыйнай радзе?18

Чаму паліграф — не панацэя. Колькі агентаў ён бы выявіў у Каардынацыйнай радзе?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць