БЕЛ Ł РУС

МЗС: Не прэм'еру Польшчы ці Літвы вырашаць, калі адкрыць мяжу

31.10.2025 / 15:16

Nashaniva.com

МЗС Беларусі сказаў Польшчы і Літве, што пытанне адкрыцця мяжы не можа вырашацца імі аднаасобна.

«Не прэм’еру Польшчы і тым больш Літвы вырашаць, калі адновяць сваю працу пункты пропуску праз дзяржаўную мяжу «Баброўнікі» і «Кузніца». Тым не менш мы прымаем да ведама іх заявы і лічым неабходным выразна акрэсліць нашу прынцыповую пазіцыю. Мяжа — гэта складаная інжынерна-тэхнічная і арганізацыйная сістэма. Любыя змены ў рэжыме яе працы патрабуюць паўнавартаснай двухбаковай падрыхтоўкі. Беларусь пагодзіцца з адкрыццём са свайго боку мяжы тады і толькі тады, калі будзе поўнасцю гатовая да гэтага інфраструктурна, кадрава і, што найбольш важна, у сферы бяспекі», — заявіў прадстаўнік МЗС Беларусі Руслан Варанкоў.

Ён звярнуў увагу на адсутнасць паслядоўнасці ў дзеяннях заходніх суседзяў Беларусі: абвешчаныя тэрміны пастаянна пераносяцца, а само прынцыповае рашэнне — пераглядаецца.

«У цэлым аднаўленне функцыянавання пунктаў пропуску не можа і не будзе рэгулявацца аднабаковымі рашэннямі. Такога ж падыходу мы будзем прытрымлівацца і ва ўзаемадзеянні з літоўскім бокам, які напярэдадні ўвёў абмежаванні на беларуска-літоўскай мяжы, — сказаў Руслан Варанкоў. — Аднаўленне працы таксама немагчыма без наладжвання прафесійнага дыялогу паміж кампетэнтнымі службамі. Мы чакаем ад польскага боку адказнага падыходу: дасягнутыя дамоўленасці павінны быць стабільнымі і надзейнымі».

«Грамадзяне і бізнэс не могуць станавіцца закладнікамі сітуацый, калі рашэнні аб закрыцці мяжы прымаюцца па-за прававымі межамі і без папярэдняга паведамлення. Гаворка ідзе не толькі пра беларусаў, палякаў ці літоўцаў, але таксама і пра грамадзян іншых дзяржаў — членаў Еўрапейскага саюза, для якога беларуска-польская і беларуска-літоўская межы з’яўляюцца ўсходняй мяжой», — дадаў прэс-сакратар.

«Тут як ніколі дарэчы выказванне міністра замежных спраў Польшчы спадара Радослава Сікорскага: для танга патрэбныя двое. Беларускі бок сваю партыю ўжо даўно і выразна выконвае. Цяпер чакаем, калі ж суседзі, нарэшце, вывучаць сваю», — рэзюмаваў ён.

Нагадаем, што пункты пропуску ў «Кузніцы» і «Баброўніках» могуць быць адкрытыя праз два тыдні, а Літва закрыла мяжу з Беларуссю да 30 лістапада.

Чытайце таксама:

Лукашэнка заявіў, што літоўцы самі з тэрыторыі Беларусі перакідвалі цыгарэты на метэаралагічных зондах

Лукашэнка заявіў, што хутка смярдзючая Еўропа будзе плаціць Беларусі за чыстае паветра

Юрконіс пра закрыццё межаў: Давайце не думаць яшчэ пра Пецю з Баранавіч, які хоча зарабіць дзесьці там у Беластоку

Каментары да артыкула