Праваабаронцы: КДБ спрабаваў выкарыстаць святара Акалатовіча, каб завабіць у пастку нунцыя
Нарвежская праваабарончая арганізацыя Forum 18 паведаміла пра спробы беларускага КДБ выкарыстоўваць каталіцкага святара Генрыха Акалатовіча, каб скампраметаваць апостальскага нунцыя Ватыкана.
Генрых Акалатовіч
Паводле звестак праваабаронцаў, у КДБ нібыта прапанавалі вызваліць святара, калі ён пасля вяртання да служэння ў парафіі ў Валожыне падкіне нунцыю флэшку з матэрыяламі, якія маглі б яго скампраметаваць. Акалатовіч, аднак, адмовіўся, заявіўшы, што гэта злачынства і што ён не можа здраджваць Богу.
Як паведамляюць былыя палітзняволеныя, КДБ працягваў аказваць ціск на святара ў следчым ізалятары, пагражаючы вяртаннем у турму, каб прымусіць яго змяніць рашэнне. Таксама агентура КДБ імкнецца вербаваць інфарматараў сярод рэлігійных лідараў і супольнасцяў як у Беларусі, так і за яе межамі, каб атрымліваць інфармацыю пра дзейнасць цэркваў і асоб, з імі звязаных.
Ксёндз Генрых Акалатовіч быў арыштаваны ў лістападзе 2023 года, а ў снежні 2024 года Мінскі абласны суд асудзіў яго на 11 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў дзяржаўнай здрадзе, абавязаўшы таксама выплаціць вялікі штраф. Пасля таго яго змясцілі ў калонію № 2 у Бабруйску, дзе працягваліся спробы КГБ прымусіць яго да супрацоўніцтва.
«Форум 18» адзначае, што кантроль КДБ над рэлігійнымі супольнасцямі ўзмацніўся пасля жорсткага падаўлення пратэстаў у 2020 годзе і прыняцця новага закона аб рэлігіі ў 2024 годзе, а рэлігійныя лідары баяцца распаўсюджваць інфармацыю пра ціск, каб не страціць аўтарытэт або не падвергнуцца рэпрэсіям.
Чытайце таксама:
Нунцыю і віцебскаму біскупу не дазволілі сустрэцца са зняволенымі каталіцкімі святарамі
Без тэлефанаванняў і лістоў: што вядома пра асуджанага на 11 гадоў святара Акалатовіча
Ксёндз Акалатовіч: Мяне абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана
Асуджанаму на 11 гадоў ксяндзу Акалатовічу забаранялі ў СІЗА КДБ мець крыж
«Ён не зломлены». Як успрыняў прысуд 64‑гадовы святар з Валожына, асуджаны на 11 гадоў