Грамадства1818

«Кадэбіст выйшаў з пакоя і пакінуў святару пісталет». Што адбываецца з ксяндзом Акалатовічам, якога абвінавацілі ў шпіянажы

Валожынскаму ксяндзу Генрыху Акалатовічу далі 11 гадоў калоніі. Сталі вядомы некаторыя дэталі яго знаходжання за кратамі.

Генрых Акалатовіч. Фота: katolik.life

У чаканні суда Акалатовіч паводзіў сябе вельмі бадзёра і рашуча, нягледзячы на праблемы са здароўем — 65‑гадовы мужчына перанёс інфаркт, і ў яго выдалены страўнік у сувязі з анкалагічным захворваннем.

«За ўсімі навінамі сачыў, Украіну падтрымліваў, лаяў пастаянна Лукашэнку і Пуціна ў камеры. Там усе баяліся і слова сказаць, бо праслухоўка ў кожнай камеры і людзі сядзяць, якія [падслухоўваюць]. А ён зусім не баяўся нічога». 

Адміністрацыя СІЗА і следчыя ставіліся да яго надзвычай дрэнна, бо віну Акалатовіч не прызнаваў. Аднойчы Акалатовіча выклікалі на размову да супрацоўніка КДБ. Той выйшаў з пакоя, дзе адбывалася сустрэча, і пакінуў святару пісталет. «Хацелі паглядзець, што ксёндз рабіць будзе, правакацыя такая была: застрэліцца ці не».

Адзін раз кадэбіст казаў Акалатовічу: «Мы ваўкі, хочам мяса». На гэта святар вырашыў напісаць Церцелю: спытаў, чаго гэта КДБ заробкі не плаціць, што яны мяса не ядуць, і запрасіў да сябе ў Валожын, каб насмажыць ім мяса і пачаставаць.

Следчы, які вёў справу ксяндза, казаў іншым зняволеным, што той «толькі прыкідваецца прастачком, а насамрэч — шпіён».

Да прысуду ксёндз ставіўся спакойна. Расказваў іншым зняволеным гісторыі святароў, якія адсядзелі ці прайшлі ГУЛАГ у часы Савецкага саюза.

«Яго больш хвалявала, што сілавікі забралі машыну, якую парафіі падарыў Папа. Казаў: «Як так? Хай сабе прысуд, а што, будуць пісаць, што Лукашэнка забраў падарунак Папы? Гэта ганьба зусім». 

Таксама ксёндз хваляваўся, што сілавікі забралі ў касцёла грошы, якія вернікі збіралі на рамонт будынку. Было там «кілаграмаў 50 манетамі» сабрана.

Валожынскага ксяндза Генрыха Акалатовіча затрымалі ў лістападзе 2023 года. Сілавікі абвінавацілі яго ў «здрадзе дзяржаве». 30 снежня 2024 года мужчыну асудзілі да 11 гадоў калоніі.

У пасланні да вернікаў, якое святар даслаў з-за кратаў, ён напісаў, што, па меркаванні следства, удзельнічаў у «шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана». Акалатовіч тады падкрэсліў, што ніколі не быў ніякім шпіёнам, што ён — слуга Бога, а судзяць насамрэч не яго аднаго, а ўсю Каталіцкую царкву ў Беларусі.

Ініцыятыва katolik.life раней паведамляла, што пасля прысуду Акалатовічу ў яго і ў парафіі канфіскавалі не толькі грошы, але і іконы.

Генрых Акалатовіч нарадзіўся ў Новай Мышы пад Баранавічамі ў 1960 годзе ў польскай па свядомасці сям'і.

Ён прыйшоў да святарства яшчэ ў часы савецкага атэізму. Юнаком Акалатовіч вучыўся ў падпольнай семінарыі ў Нядзведцы пад Ляхавічамі. Адслужыў у арміі, вывучыўся на чыгуначніка, але працягваў дабівацца ад уладаў права на афіцыйнае навучанне ў семінарыі. Высвяціў яго таемна біскуп Вінцэнтас Сладкявічус у 1984 годзе.

Генрых Акалатовіч служыў пробашчам у Браславе, Ракаве, Нясвіжы, Бабруйску. Быў першым ксяндзом, які наведаў Катынь. Гэта было ў 1984 годзе, улады яго за гэта там затрымалі і аштрафавалі. Усяго Саветы штрафавалі яго каля 30 разоў.

Родны брат святара Леанард таксама ксёндз.

Каментары18

  • машина от Папы Римского
    11.10.2025
    В этом суть лукашенко - украсть чужое !
    И украсть любым способом.
  • VCJ
    11.10.2025
    скарот кадэбыдла пішыце з малой літары 🌰
  • Тутэйшы аглядальнік
    11.10.2025
    Сядзяць бяларусікі ў сваім Бульбастане і ня згадваюць як яны вельмі падобныя да "свайго" Лукашэнку ....бо ня трэба палітыкі нам толькі б выжыць..пытанне за чый кошт???

Цяпер чытаюць

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»29

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»

Усе навіны →
Усе навіны

Воспа магла стаць смяротнай не адразу2

Людзі абрываюць тэлефоны, на кватэру прэтэндуе 2‑3 чалавекі. Анонс іпатэкі пад 1% выклікаў ажыятаж4

Былая палітзняволеная Наста Лойка сустрэлася са сваім сабакам — праз амаль чатыры гады4

Беларускія студэнты заваявалі шэсць залатых медалёў на Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе6

Сын прэзідэнта Зімбабвэ, меркавана, лячыўся ў Беларусі ад наркатычнай залежнасці1

Пуцін стаў пазбягаць паездак у рэгіёны ў еўрапейскай частцы Расіі, куды рэгулярна далятаюць дроны1

Канапацкая апублікавала фота з цэнтра Варшавы23

Што такое тэорыя няправільнага абутку?4

Дачка расійскага генерала, адказнага за мабілізацыю, дапамагае ўхіляцца ад войска за грошы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»29

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць