Трамп адмовіўся выключыць Венгрыю з санкцый супраць расійскай нафты
ЗША не збіраюцца даваць Венгрыі магчымасць працягваць купляць расійскую нафту ў расійскіх кампаній «Раснафта» і «Лукойл», якія трапілі пад санкцыі. Пра гэта заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, піша The Moscow Times.
Віктар Орбан з Дональдам Трампам. Фота: Yoan Valat, Pool photo via AP
Прэзідэнт ЗША адзначыў, што прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан спрабаваў атрымаць адпаведны дазвол.
«Орбан папрасіў аб выключэнні з санкцый супраць Расіі, але я адмовіў», — падкрэсліў Трамп.
Раней у канцылярыі венгерскага прэм'ера паведамілі, што ён мае намер сустрэцца з Трампам 7 лістапада, каб выпрасіць адтэрміноўку ў пытанні закупак расійскай нафты. Будапешт з усіх сіл супраціўляецца пераходу на іншыя крыніцы сыравіны, і аналітыкі тлумачаць гэта не пагрозай энергабяспецы краіны, як заяўляюць улады, а фінансавымі стратамі для бюджэту і найбуйнейшай энергакампаніі MOL.
Але пазіцыя Венгрыі выглядае ўсё больш слабой, і яна пачала рыхтавацца да перабояў у пастаўках паліва. Так, урад распрацаваў папраўкі да закона аб захоўванні імпартнай нафты і нафтапрадуктаў, каб у выпадку з'яўлення такіх праблем можна было задзейнічаць спецыяльныя рэзервовыя аўтазапраўкі для забеспячэння крытычна важных спажыўцоў і службаў, паведамляла Reuters.
Змены, якія не закрануць рознічных пакупнікоў, павінны ўступіць у сілу з 1 студзеня 2026 года. У экстранным выпадку ўрад зможа вызначаць парадак выкарыстання такіх АЗС і прыярытэтнасць атрымання паліва.
Адначасова Будапешт прапрацоўвае варыянты таго, як абысці санкцыі ЗША супраць «Лукойла» і «Раснафты», якія ўступаюць у сілу 21 лістапада, сказаў Орбан на мінулым тыдні. Аднак Еўракамісія ў верасні абвясціла пра планы распрацаваць мыта для паставак расейскай нафты, каб цалкам адмовіцца ад яе да 2027 года.
«Санкцый… будзе дастаткова, каб падштурхнуць Венгрыю да адмовы ад расійскай нафты», а мыты ў выпадку іх увядзення «зробяць расійскія вуглевадароды неканкурэнтаздольнымі [у параўнанні] з іншымі крыніцамі», — мяркуе Тамаш Плецэр, аналітык нафты і газу аўстрыйскага Erste Bank.
Чытайце таксама:
Пентагон ухваліў пастаўку Украіне ракет «Тамагаўк»
Сустрэчу Трампа і Пуціна ў Будапешце адмянілі з-за мемарандума МЗС Расіі
Трамп заявіў, што Сі Цзіньпін пагадзіўся дапамагчы завяршыць вайну ва Украіне
ЗША далі зразумець Лукашэнку, што чакаюць спынення запуску метэазондаў у Літву