У Мінску мужчына разбіў дзверы ў банку, калі не змог зняць грошы ў банкамаце
У міліцыю Савецкага раёна Мінска паступіла паведамленне пра пашкоджанне маёмасці ў аддзяленні аднаго з банкаў на вуліцы Куйбышава. Высветлілася, што дзверы разбіў 25‑гадовы жыхар Мінскага раёна.
Фота ілюстрацыйнае
Па матэрыялах следства, мужчына прыехаў у Мінск да сваёй дзяўчыны. Падчас прагулкі яна папрасіла яго купіць прадукты, і хлопец вырашыў зняць грошы з карткі. Але банкаматы побач абслугоўвалі толькі юрыдычных асоб, таму аперацыю ён зрабіць не змог.
Хлопец раззлаваўся і ўдарыў нагой па шкляных дзвярах — яны разбіліся. Пасля гэтага пара хутка пакінула месца здарэння.
У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу па артыкуле «Хуліганства». Шкода ад яго дзеянняў ацэненая больш чым у 600 рублёў. Раней ён у поле зроку міліцыі не трапляў.