БЕЛ Ł РУС

«Гэта ламінат ці лінолеум?» Што людзі пішуць пра беларускі мікрааўтобус бізнэс-класа

8.11.2025 / 9:30

Nashaniva.com

Людзі не пакінулі мокрага месца на пышнай заяве МАЗа.

Мінскі аўтамабільны завод і Завод аўтамабільных прычэпаў і кузаваў «МАЗ-Купава» прэзентавалі аўтобус МАЗ 281 прадстаўніцкага класа. Відэа з гэтай навіной выклікала бурнае абмеркаванне ў тыктоку.

Найбольш лайкаў (амаль 760) набраў каментар-пытанне: «Гэта ламінат ці лінолеум?»

Людзі ў адказ жартуюць: «Лінолеум 32 клас», «Напісалі ж бізнэс-клас. Значыць, павінен быць паркет)».

Іншыя выказваюць упэўненасць, што на падлозе салона — лінолеум, і называюць мадэль «іспанскім сорамам, а не прэміум-класам».

«Аддзелаць маршрутку кожзамам і пасцяліць лінолеум цяпер лічыцца люксам?» — гэтая заўвага з амаль 560 лайкамі стала другой па папулярнасці.

На лінолеум звяртаюць увагу і іншыя.

«Лінолеум, сур'ёзна? Гэта ўжо занадта», — заўважае глядач. «Гэта ж прэміум!» — адказваюць яму.

«Ха-ха-ха. На падлозе лінолеум», — смяецца нехта. «І нават лінолеум пад дрэва», — дадае яшчэ адзін.

«Лінолеум на падлозе. Хмм, цікава», — жартуе яшчэ адзін.

Людзі спрабуюць давесці, што скураныя сядзенні нязручныя ўлетку, улічваючы тое, што кандыцыянеры ў беларускіх аўтобусах звычайна працуюць «толькі два дні».

«Гэта піпец… Крэслы стаяць на табурэтах. Сорам. Божа мой!» — выказваецца яшчэ адзін глядач.

«Выратавальнік — кітайскі JAK»

Карыстальнікі таксама звяртаюць увагу на падабенства мадэлі з кітайскім мікрааўтобусам.

«Мне здаецца, гэта JAK з шыльдай МАЗ», — заўважае нехта. Яго запэўніваюць, што так яно і ёсць.

«Што ў ім не кітайскае?» — пытаецца нехта. Яму адказваюць: «Лагатып МАЗ!».

«Гэта таксама як з матацыклам «Мінск», ці я памыляюся ў чымсьці?» — заўважае нехта.

«Зноў кітайская машына з налепкамі МАЗа?» — піша іншы.

«Цяжкі люкс»

«Праз 20 гадоў дагоняць Амерыку 80-х» — выказвае ўпэўненасць чытач. 

Людзі жартуюць: «Усё… Канец беднаму жыццю…. Імпарцёры выстройваюцца ў чаргу», «Нямецкі аўтапрам ляжа!», «Цяжкі люкс».

«Зноў правал!!!! 10 месцаў — гэта D-катэгорыя, гэта два тэхагляды ў год, гэта платныя дарогі, гэта павялічаная страхоўка, гэта тахограф і захаванне рэжыму працы і адпачынку пры міжнароднай перавозцы. Тут ці 8 месцаў трэба было, або тады ўжо хаця б 15 месцаў», — кампетэнтна заўважае адзін з гледачоў.

Чытайце таксама:

У Беларусі выпусцілі мікрааўтобус бізнэс-класа ФОТЫ

«Беларусь знікае» — тыкток плюецца з нагоды перайменавання прыпынкаў

«Гэта не плоў, а каша з мясам». Беларусы зноў спрачаюцца з-за школьнага харчавання

Каментары да артыкула