БЕЛ Ł РУС

Варшаўскаму забойцу беларускі Лізы пацвердзілі пажыццёвае пакаранне. Суд не паверыў у «таблетку згвалтавання»

4.11.2025 / 19:10

Nashaniva.com

Апеляцыйны суд Варшавы пакінуў у сіле прысуд Дарыяну С. — грамадзяніну Польшчы, які ў 2024 годзе згвалціў і задушыў беларуску Лізу Герцэн у цэнтры Варшавы. Мужчына будзе адбываць пажыццёвае зняволенне, піша Most.

Дарыян С. у судзе. Фота: «Белсат»

Абарона гвалтаўніка спрабавала аспрэчыць, што ў момант здзяйснення злачынства мужчына быў у свядомасці, але суд не пагадзіўся з гэтай пазіцыяй.

«Абарона праявіла крэатыўнасць, але гэта не мяняе агульнай карціны гэтай справы. Справа была праведзеная правільна з працэсуальнага боку, правільна ацэненая з матэрыяльна-прававога боку, і гэта ацэнка ўсяго складу суда», — падкрэсліў суддзя-дакладчык Мацей Грушчыньскі.

Адвакаты спрабавалі аспрэчыць дадзенае раней заключэнне экспертаў. Прадстаўнікі абароны Дарыяна С. сцвярджалі, што падчас вечарынкі ў адным з варшаўскіх клубаў абвінавачанаму нібыта падсыпалі ў напой «таблетку згвалтавання», чым маглі тлумачыцца незвычайныя паводзіны мужчыны. Яны таксама звярталі ўвагу, што прысутнасць такіх рэчываў магла застацца нявыяўленай, таму што ўзоры крыві ўзялі занадта позна.

«Аднак эксперты ўстанавілі, што ў паводзінах [Дарыяна] не назіралася ніякіх прыкмет памутнення свядомасці. Паводзіны былі рацыянальнымі, з самага пачатку спланаванымі. Такімі ж былі паводзіны пасля здарэння — калі ён, вяртаючыся дадому, выкідаў прадметы, а калі дайшоў да дома, то адным з першых дзеянняў было адправіць паведамленне бацьку», — паведаміў суддзя.

Акрамя таго, як ён адзначыў, адным з асноўных аргументаў, выстаўленых абаронай, было меркаванае працэсуальнае парушэнне, якое тычыцца прызначэння складу суда. Але Апеляцыйны суд палічыў, што пры яго фармаванні не было дапушчана ніякіх парушэнняў.

На беларуску Лізу Герцэн напалі раніцай 25 лютага 2024 года ў цэнтры Варшавы. Забойца надзеў балаклаву і, пагражаючы нажом, уцягнуў ахвяру ў вароты дома. Там ён згвалціў яе і стаў душыць. Дзяўчына перажыла спыненне сэрца, але медыкам удалося рэанімаваць яе. У крытычным стане Лізу даставілі ў бальніцу, дзе яна памерла, не прыходзячы ў прытомнасць, 1 сакавіка.

Нападніка вылічылі па камерах назірання. Дарыяна С. затрымалі ўвечары таго самага дня, пры ім быў нож. Дзеянні мужчыны былі кваліфікаваныя як забойства пры абцяжарвальных абставінах. Суд першай інстанцыі прысудзіў яго да пажыццёвага зняволення.

Чытайце таксама:

«Яе звалі Ліза». У Варшаве прайшоў Марш у памяць аб згвалтаванай і забітай беларусцы РЭПАРТАЖ

«Для вас ён звер, а для мяне сын». Бацька гвалтаўніка, які забіў беларуску, пракаментаваў трагедыю і выклікаў абурэнне

Абвінавачанага ў забойстве беларускі Лізы ў Варшаве прызналі адэкватным і будуць судзіць

Якія еўрапейскія сталіцы найбольш небяспечныя?

Каментары да артыкула