Былы муж блогеркі, якая разам з 17‑гадовым жаніхом шыкавала на сабранае для хворага дзіцяці, раскрытыкаваў тых, хто гэтыя грошы ёй пераводзіў
«Вось хітрыя — атрымалі айфоны, машыны, а цяпер будуць рэпосціць у сторыс, што вось, затрымалі. Задайце сабе самі такое пытанне — што з вамі не так?!»
Блогер Алег Тарасенка. Фота з яго інстаграма
Папулярныя блогеры з Гродна 17‑гадовы Міхаіл Драгун і 37‑гадовая Яўгенія Тарасенка праводзілі розыгрыш, каб сабраць грошы для васьмігадовага Вані Сцяцэнкі, у якога цяжкая генетычная хвароба — міядыстрафія Дзюшэна. Неабходны хлопцу ўкол каштуе $2,9 мільёна. Пара абяцала, што на прызы ўдзельнікам патраціць невялікую суму, а большую частку грошай аддасць на лячэнне Вані.
Блогеры сапраўды мелі вялікую аўдыторыю. На старонку Яўгеніі ў інстаграме былі падпісаныя 550 тысяч чалавек, на старонку Міхаіла — 209 тысяч. Летась яны засвяціліся на праўладным шоу «Фабрыка блогераў», дзе настаўнікамі былі Вольга Бузава, Улад Кабякоў і Яўген Анегін.
Міхаіл Драгун і Яўгенія Тарасенка
Сабраць Міхаіл і Яўгенія здолелі 1,5 мільёна рублёў. Але маме хворага дзіцяці яны перадалі толькі 200 тысяч рублёў. Яшчэ 315 тысяч рублёў выдаткавалі на прызы для ўдзельнікаў стрыму. Астатняе пусцілі на шыкоўнае жыццё.
Былы муж Яўгеніі таксама даволі папулярны блогер — Алег Тарасенка, на яго падпісаныя 128 тысяч чалавек (2 тысячы з іх дадаліся пасля скандалу з яго былой жонкай).
Падпісчыкі Алега папрасілі яго пракаментаваць сітуацыю.
— Не пытайце ў мяне нічога. Я нічога не ведаю. Як ёсць… Блін, я не ведаю, чым людзі думалі. Мне шкада толькі сына майго. Спадзяюся, ён ні пра што не даведаецца. Мама проста з’едзе ў камандзіроўку куды-небудзь.
Але Алег абрынуўся з крытыкай на тых людзей, якія пераводзілі яго былой жонцы і яе каханку грошы (блогеры прапаноўвалі падпісчыкам за 10 рублёў удзельнічаць у розыгрышы, дзе галоўнымі прызамі былі смартфоны ці аўтамабіль).
— Людзі, якія пераводзілі грошы, чаму яны адразу не пераводзілі іх на рахунак Івану, а захацелі такой нажывы? Вось хітрыя — атрымалі айфоны, машыны, а цяпер будуць рэпосціць у сторыс, што вось, затрымалі. Задайце сабе самі такое пытанне — што з вамі не так?!
У сваім тэлеграм-канале Алег напісаў: «Дай бог, каб не пасадзілі. Можа, адумаецца і возьмецца за галаву». У каментарах пакрыўджаныя ўдзельнікі розыгрышу пачалі кідаць скрыншоты перапісак з яго былой жонкай.
Скрыншоты, якія пачалі дасылаць у тг-канал Алега
Алег жа заклікаў усіх пераводзіць грошы на рэальны рахунак хлопца, якому трэба лячэнне. З неабходных $2,9 мільёна неабходна сабраць яшчэ каля $2,5 мільёна.
Тым часам супраць Міхаіла і Яўгеніі завялі крымінальную справу за махлярства ў асабліва буйным памеры. Затрыманым пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Чытайце таксама:
17‑гадовы блогер і яго 37‑гадовая дзяўчына патрацілі на сябе мільён рублёў, сабраны на дабрачыннасць