Школьнік з Гродна два тыдні папрацаваў у наркашопе і атрымаў 8 гадоў калоніі
Суд разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні 14‑гадовага гродзенца. Падлетка прызналі вінаватым у набыцці і захоўванні асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры ў складзе арганізаванай групы.
«У складзе злачыннай групоўкі ўдзельнічаў у незаконным абароце асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва — 4‑СМС масай каля 480 грамаў», — паведамілі ў пракуратуры.
Паводле слоў школьніка, у наркашопе ён паспеў папрацаваць два тыдні. За гэты час, паведамляе пракуратура, ён атрымаў больш за тры тысячы рублёў.
З улікам усіх пададзеных доказаў суд вынес абвінаваўчы прысуд. Падлетку прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 8 гадоў, адбываць тэрмін ён будзе ў выхаваўчай калоніі. Таксама паведамляецца, што на падставе закона «Аб амністыі ў сувязі з 80‑годдзем Перамогі» ён вызвалены ад пакарання часткова на тэрмін 1 год.
Прысуд уступіў у законную сілу.