Літва папросіць Лукашэнку вярнуць грузавікі, якія захраслі ў Беларусі, але мяжу не адкрые
«Сёння вырашана звярнуцца да Беларусі, каб дамовіцца пра вяртанне літоўскіх грузавікоў дадому», — сказала прэм'ер-міністарка Інга Ругінене пасля пасяджэння ўрада 5 лістапада, піша LRT.
Фота ілюстрацыйнае
Па ацэначных звестках, у Беларусі аказаліся заблакаваныя каля 5 тысяч літоўскіх грузавікоў і паўпрычэпаў.
«Працэс ужо ідзе, перамовы вядуцца, паглядзім, якім будзе вынік. Мы прыкладзем усе намаганні, каб літоўскія грузавікі вярнуліся дадому. Але сама мяжа застанецца закрытай», — заявіла прэм'ер-міністарка.
Літва таксама хоча павялічыць прапускную здольнасць пункта пропуску Меднікі, які часткова працуе, паведаміў міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч.
«Але з боку Беларусі ёсць абмежаванні, якія не дазваляюць машынам рухацца па іх тэрыторыі. Таму будзем шукаць рашэнні», — заявіў міністр.
Раней беларускія ўлады забаранілі грузавікам з нумарамі Еўрасаюза перамяшчацца па краіне, а літоўскім — выязджаць праз іншыя межы, акрамя закрытай беларуска-літоўскай.
Па словах Кандратовіча, праз Меднікі можна прапускаць каля 200 фур у суткі, але беларускі бок прапусціў «толькі каля 34 літоўскіх грузавікоў», у чым міністр бачыць «свайго роду сабатаж» з боку РБ.
Чытайце таксама:
Літоўскім грузавікам забаранілі выязджаць з Беларусі праз Латвію і Польшчу
У МЗС заявілі, што Літва закрыла мяжу з Беларуссю, бо хоча грошай ад ЕС
Наўседа пра рэакцыю Лукашэнкі: Хочацца, каб яшчэ мацней прыпякло