«Не атрымлівалі дывідэндаў». Падобна, што «Санта» адказала на абвінавачванні «Белпола»
На сайце беларускага выдання Office Life з'явілася публікацыя пра лёс міні-ЦЭЦ на «Белшыне» — той самай, якой нядаўна прысвяцілі сюжэт у «Белполе», абвінавачваючы «Санту» і Аляксандра Машэнскага ў атрыманні звышпрыбытку і прэферэнцый ад дзяржавы на гэтым праекце. Публікацыя гісторыі ад імя кіраўнікоў праекту выглядае наўпроставым адказам на гэта. Якія аргументы?
Візіт Лукашэнкі на «Белшыну» ў 2022 годзе. Фота: БелТА
У публікацыі пад назвай «Шматпакутны інвестпраект: хто і як ратуе міні-ЦЭЦ на «Белшыне» прыводзяцца меркаванні Алега Васільчанкі, дырэктара «Клін Энерджы Груп Бел», і Дзяніса Крымава, кіраўніка энергетычнага кірунку групы кампаній «Санта».
Тэкст пачынаецца з апісання прычын, чаму праект увогуле з'явіўся. Тлумачыцца, што яму ўжо дваццаць гадоў.
Маўляў, у 2006‑м «Белшына» палічыла, што губляе шмат цяпла праз доўгі двухкіламетровы транзіт пары з Бабруйскай ЦЭЦ-2. На заводзе вырашылі пабудаваць уласную міні-ЦЭЦ, якая працавала б на газе і вырабляла з яго пару і электрычнасць. Але ўласных грошай не было, інвестараў таксама не знаходзілася.
Праект чатыры гады ляжаў на паперы, перад тым як ім зацікавіўся бізнэсмен Алег Васільчанка, сёння — дырэктар «Клін Энерджы Груп Бел».
У сваім тлумачэнні «Офіс Лайфу» Васільчанка кажа, што ў тыя гады рос інтарэс да малой энергетыкі, а еўрапейскія банкі выдзялялі беларусам таннае фінансаванне. Абсталяванне можна было завезці без сплаты мытаў, а ў будучыні не плаціць падатак на прыбытак пры рэгістрацыі ў свабоднай эканамічнай зоне «Магілёў» — там жа юрыдычна знаходзіцца і кліент, «Белшына».
З такімі аргументамі Васільчанка змог пераканаць інвестараў з Ізраіля, для якіх працаваў, што праект з гарантаваным кліентам у Беларусі будзе прыбытковым. Васільчанка сам стаў партнёрам і дырэктарам, зрабіў гэты праект сваёй галоўнай работай.
Інвестары ўнеслі ў статутны фонд $5,5 мільёна і далі пазыку яшчэ на $3,5 мільёна. БПС-Сбербанк адкрыў крэдытную лінію на $6,5 мільёна.
Але, піша выданне, праз некалькі гадоў у ізраільскіх інвестараў узніклі праблемы. Яны спынілі фінансаванне і перасталі плаціць за карыстанне банкаўскімі грашыма. Банк адмовіўся працягваць фінансаванне, і праект быў спынены. Незмантаванае абсталяванне выходзіла з ладу.
«Стала відавочным, што без прыцягнення новага інвестара «Клін Энерджы Груп Бел» пагражае банкруцтва. Абавязкі кампаніі ўжо перавышалі рэальны кошт актываў», — цытуе «Офіс Лайф» Алега Васільчанку.
Васільчанка пайшоў у «Санту» да Аляксандра Машэнскага, таму што тая мела грошы і экспертызу: на заводах «Санты» ўжо стаялі ўласныя міні-ЦЭЦ.
Васільчанка тлумачыць, што менеджары Машэнскага год ацэньвалі тэхнічныя, фінансавыя і прававыя аспекты работы з «Белшынай», але ў выніку далі дабро на ўваход.
«Санта» пагасіла абавязкі кампаніі перад ізраільскімі інвестарамі, а таксама запазычанасць перад банкам, а таксама дала пазыку і выступіла паручальнікам па новым крэдыце на 6,2 мільёна еўра ад Альфа-Банка.
У выніку ў 2019‑м будаўніцтва міні-ЦЭЦ было скончана.
Тут аўтар тэксту падыходзіць да тонкага моманту — апісання механізмаў зніжак і таго, хто на чым эканоміць.
Выданне тлумачыць, што ў 2018 годзе дзяржава дала «Белшыне» зніжку на электраэнергію ў памеры 35%.
Менеджар «Санты» Дзяніс Крымаў тлумачыць, што гэта азначала на практыцы паводле дамоваў іх кампаніі з «Белшынай»: «Мы […] павінны былі прадаваць электраэнергію са зніжкай 5% да тарыфа, які дзейнічае для завода. Атрымлівалася, што рашэнне пра зніжку дзяржава прыняла, каб падтрымаць завод. Але плаціць яе праз умовы дамовы павінны былі мы, адпускаючы электраэнергію па цане, сфарміраванай як «тарыф мінус 35% зніжкі мінус 5% па дамове». Продаж электраэнергіі са зніжкай, блізкай да 40%, пры адначасовай аплаце намі газу па поўнай цане фарміраваў бы адмоўны грашовы паток ад бягучай і фінансавай дзейнасці».
Па словах Крымава, разглядалася некалькі варыянтаў выхаду: продаж міні-ЦЭЦ «Белшыне» або «Белэнерга»; дазвол на транзіт і продаж энергіі іншым заводам «Санты» ў іншых абласцях; продаж энергіі «Белшыне» са зніжкай 40% але з кампенсацыяй страт адпаведным зніжэннем цаны на газ, з якога гэтая энергія вырабляецца.
Найлепшым для «Санты» варыянтам быў другі, тлумачыць Крымаў, але ўлады не дазволілі транзіт электраэнергіі паміж абласцямі — а ў Магілёўскай вытворчасцяў у Машэнскага не было.
Таму ў выніку спыніліся на іншай схеме, па якой ужо працаваў энергакомплекс «Краснасельскбудматэрыялаў», пабудаваны кампаніяй «Міжнародны энергетычны цэнтр» (адзін з акцыянераў — Банк БелВЭБ).
Згодна з ёй, «Клін Энерджы Груп Бел» перадаў міні-ЦЭЦ у арэнду «Белшыне» і ўзяў на сябе аказанне паслуг па яе эксплуатацыі сваім персаналам. «Санта» акупляла ўкладанні, атрымліваючы арэндную плату і плату за аказанне паслуг па эксплуатацыі. Мэтавая зніжка на газ пры гэтым давалася наўпрост «Белшыне».
Цяпер, піша «Офіс Лайф», міні-ЦЭЦ працягвае функцыянаваць, «дзякуючы чаму «Белшына» з красавіка 2019‑га і па верасень 2025‑га сэканоміла на аплаце энергіі больш за 7 мільёнаў рублёў, а дзяржава сэканоміла больш за 20 мільёнаў кубаметраў газу».
Менеджер «Санты» Дзяніс Крымаў у фінале тэксту рэзюмуе, што, паводле разлікаў, кампанія зможа вярнуць укладзеныя сродкі праз 7 гадоў з моманту ўводу міні-ЦЭЦ у эксплуатацыю.
У кампаніі «Клін Энерджі Груп Бел» пры гэтым падкрэсліваюць, што яшчэ ні разу не размяркоўвалі прыбытак і не выплачвалі ўдзельнікам дывідэнды. Увесь атрыманы прыбытак ідзе на пагашэнне крэдытаў і абавязковыя прыродаахоўныя мерапрыемствы.